Аб'ектыў 23.02.2018 «Куплю намёт і буду жыць на плошчы». У Вялейскім інтэрнаце пенсіянеры скардзяцца на невыносныя ўмовы


Прадпрыемствы пазбаўляюцца старых будынкаў інтэрнатаў як ад непатрэбнага баласту. Жыхары ж інтэрнатаў у свой час сяліліся туды як у часовае жытло. Шмат для каго яно засталося адзіным. Але як жыць, калі ўмовы невыносныя?

Жыхары інтэрнатаў Вялейскага прадпрыемства «Зяніт» з гэтага месяца павінныя плаціць за пакойчык 160 рублёў. Чыноўнікі не папярэдзілі людзей пра павышэнне коштаў. Палову жыхароў інтэрнату складаюць пенсіянеры, якія атрымліваюць крыху больш за 200 рублёў.

У інтэрнаце № 2 людзі жывуць у блоках з двух пакойчыкаў і прыбіральні. Часам адзін блок займае адна сям’я, але ў некаторых – і па дзве сям’і. Кухня са старымі плітамі адна на паверх. І вось за такія «камфортныя» ўмовы людзі плацілі ледзь не столькі, колькі за двухпакаёвую кватэру ў сталіцы. Згодна з новымі жыроўкамі, ім давядзецца плаціць яшчэ больш.

«Куплю намёт і буду жыць на плошчы. А дзе мне жыць? За што? Мне трэба аперацыю рабіць на назе. Я інвалід трэцяй групы», – кажа пенсіянерка Лілія Несцяровіч.

Будынак інтэрнату № 2 пабудавалі ў 1986-ым годзе. З таго часу ён не зведаў ніводнага капітальнага рамонту. Летась яго перавялі на баланс мясцовага ЖКГ. Але нічога не змянілася – як цякла вада са столі на 8-ым ды 9-ым паверхах улетку і ўзімку, гэтак і цячэ. Такая ж сітуацыя з трубамі, кранамі. Старыя пліты ледзь працуюць. Месцамі бачныя аголеныя драты. Карціну дапаўняюць разбітыя вокны ў калідорах.

«Баюся выйсці, каб на галаву не звалілася зусім. А за рамонт у нас бяруць грошы ўвесь час, але не памятаю, каб хоць раз нешта тут рабілі», – кажа жыхарка інтэрнату Людміла Валасюк.

Літаральна праз 20 хвілінаў, як у інтэрнат прыехала здымачная група «Белсату», сюды прыйшлі і сантэхнікі, і электрыкі, і нават прадстаўнікі МНС. Супадзенне? На гэтае пытанне адказу ад іх мы не пачулі.

«Як пачне з даху цячы ажно да першага паверху, дык нікому гэта ня трэба. Скажаш, а табе: «Гэта вашы праблемы» і нікому нічога не патрэбна. Крыху нешта там падробяць і ўсё», – кажа пенсіянерка Таццяна Качан.

На прадпрыемстве «Зяніт» заробкі невысокія, але людзі цешацца і з таго, што ёсць, бо працы ў Вялейцы катастрафічна бракуе. Таму павышэнне коштаў за пакойчык у інтэрнаце выклікала ў людзей абурэнне.

«Я думала, што мы хаця б дажывем спакойна. Але ці дажывеш?! Як тут дажыць? Пенсіі 242 рублі. Як пражыць?! А яшчэ ж сама гіпертонік. На таблеткі грошы трэба. А мужу-інваліду колькі яшчэ таксама розных лекаў», – распавядае пенсіянерка Святлана Шыннікава.

Жыхары інтэрнату сабралі подпісы з патрабаваннем не падымаць коштаў на жытло. Але ні з прадпрыемства, ні з ЖКГ рэакцыі пакуль не было. Больш за тое, найбольш актыўным прыгразілі звальненнем.

«За сябе я не баюся. Я вельмі баюся за свайго мужа, які адпрацаваў на заводзе «Зяніт» амаль 20 гадоў. Калі раптам пачнецца ціск, то я спадзяюся на дапамогу тэлеканала Белсат, які, спадзяюся, дапаможа мне абараніць мае правы», – адзначыла пенсіянерка Надзея Целяжэвіч.

Вялейскай ЖКГ дасталіся старыя будынкі інтэрнатаў у кепскім стане. Абслугоўванне ліфтаў, рамонт, замена аварыйнага абсталявання патрабуюць выдаткаў. Але жыхары не разумеюць, куды ж тады падзеліся тыя сродкі, якія яны адлічвалі на капітальны рамонт.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары