Купальны сезон у час COVID-19


У Беларусь прыйшло спякотнае надворʼе. Увесь тыдзень абяцаюць ад 22 градусаў на поўначы і да 31 градуса на поўдні краіны. Не зважаючы на эпідэміялагічную пагрозу, беларусы ўжо масава выйшлі да вадаёмаў на гарадскія пляжы.

Прадстаўнік таварыства выратавання на водах Яўген Сташкевіч кажа:

«У сувязі з каронавірусам на пляжы як усё было, так усё і засталося, нічога не змянілася. Прыходзяць людзі, якія адпачывальнікі, апрацоўваем лодачкі, апрацоўваем усё».

І самыя людзі асаблівай небяспекі не бачаць. Нікога ў масках і пальчатках за дзень мы не заўважылі. Вось што кажуць жыхары Магілёва пра каронавірус:

«Паўтара метра дыстанцыя, рукі апрацоўваем, масак не носім».

«Проста лета, не хочацца сядзець у чатырох сценах увесь час, і ўсё ж такі тут можна захоўваць дыстанцыю».

Пячэрскае возера лічыцца галоўным месцам пляжнага адпачынку ў Магілёве, але сёлета яго не пачысцілі. Так можна страціць яшчэ адзін гарадскі пляж, як гэта адбылося са Святым возерам. Гарадскія ўлады не чысцяць яго ад донных адкладаў і расліннасці, таму ў возеры нельга купацца ўжо 5 гадоў.

«Велізарная просьба да ўладаў гораду ачысціць – вельмі моцна зарастае возера – ад травы. Усё возера, як вы бачыце, ужо практычна зарастае, і купацца ўжо практычна немагчыма», – тлумачыць прадстаўнік таварыства выратавання на водах Яўген Сташкевіч.

Пашпарт гатоўнасці Пячэрскага возера для купання і загарання быў падпісаны яшчэ 15 траўня, але жыхары Магілёва, натуральна, змаглі ацаніць яго стан толькі цяпер, калі прыйшла спёка. Меркаванні, як заўжды, падзяліліся:

«Вада цёпленькія такая, трохі прахалодная, але сыдзе».

«Пясок, неба, зямля – Радзіма мая!»

«Як бы не вельмі чысціня пляжу цярпіць, і асабліва возера цінай пакрылася, таксама не вельмі прыемна, не хочацца ў ваду лезці».

«Раздзявалень не хапае, ляжанкі гэтыя драўляныя – яны таксама ў прынцыпе непрыгожыя».

Ляжанкі, раздзявальні, сметніцы – стандартны набор для гарадскога пляжу. Некалькі кропак з ежай і напоямі, калі пашанцуе. Свой варыянт цікавага адпачынку на Пячэрскім возеры прапаноўвае «Boardhouse extreme park» – месца з уласным пляжам, шэзлонгамі, барам і, вядома ж, воднымі забавамі.

«Гэта ўэйкборд, прыйшоў я сюды 6 або 7 раз, падабаецца таму што. Чым яшчэ заняцца ў летні перыяд, калі горача? Гэта і вада, і забаўка, і спорт адначасова», – кажа наведнік парку Дзіма Малевіч.

У выніку эпідэміі каронавіруса шмат хто не разлічвае сёлета адпачыць на моры, а спадзяецца на родныя краявіды. Жыхары Магілёва падзяліліся сваімі планамі на лета:

«Увогуле вельмі люблю азёры віцебскія, не тое, што Браслаўскія, а Волаба – цікавае возера».

«Напэўна, гэта будзе хутчэй за ўсё дача, таму што там самаізаляцыя канкрэтная».

«У нас унутраны турызм будзем падтрымліваць, на Нарачы не былі. – І дарэчы Браслаў, мелавыя карʼеры – на тэрыторыі Беларусі ёсць месцы».

У свеце турыстычная галіна перажывае адзін з самых цяжкіх крызісаў у гісторыі – паводле самых аптымістычных прагнозаў, турфірмы страцяць каля траціны прыбытку. Затое звычайна сціплы беларускі ўнутраны турызм можа адчуць нечаканы ўздым.

Вольга Васільева, «Белсат»