Куды выязджаюць і дзе адпачываюць беларусы?


Словы «турызм» і «Беларусь» – больш не антонімы: 30-дзённы дазвол на ўезд, гэтак званы бязвіз, адкрыў Беларусь для іншаземцаў. Паводле Белстату, летась нашая краіна прыняла амаль трыста тысяч турыстаў. Гэта на 65 тысяч больш, чым пазалетась, калі бязвізу яшчэ не было.

Паводле статыстыкі, Беларусь больш за ўсё любяць яе ж суседзі: расейскія, літоўскія, польскія ды ўкраінскія турысты. А куды выязджаюць самыя беларусы і які адпачынак яны могуць сабе дазволіць?

На першых месцах у беларускіх турыстаў – Турцыя, Егіпет, Украіна, Балгарыя ды Расея. І хоць той жа Белстат паказвае, што сярэдні заробак беларусаў расце ў рублях, у доларавым эквіваленце ён падае, а менавіта валюта трэба, каб расплаціцца за адпачынак за мяжою. Таму ў беларускіх турыстаў ёсць некалькі стратэгіяў ашчаджання.

Віялета Галеева, турагенцтва «РОСТЫНГ»:

«Егіпет той жа – з Кіева. Калі браць рэгіёны, Гомель той жа, лятаюць з Кіева, там танней. І з Менску таксама ў мэтах эканоміі лятаюць з Кіева».

Аднак статыстыка ўлічвае толькі тых турыстаў, якія скарысталіся паслугамі аператараў. Плаціць жа турфірмам могуць не ўсе:

«У мінулым годзе быў у Талліне, у Вільні, а так – у Беларусі любімай».

«На жаль, ні разу. Не дазваляюць фінансавыя магчымасці, таму я вам нічога не скажу».

«Нікуды не езджу. Няма за што. Ну, не тое што няма за што, не збіраўся асабліва нікуды».

«Толькі зараз прыехала з Расеі з Геленджыку, вельмі спадабалася».

Калі казаць пра адпачынак «дзікуном», то, са словаў экспертаў турбізнесу, усё больш беларусаў абіраюць – імаверна, праз немагчымасць легальна паехаць у Крым праз Украіну – Адэсу і ваколіцы. Гэтак, паводле прыкладных падлікаў, летам у Затоку, адзін з найтаннейшых курортаў рэгіёну, з’ездзілі сто тысячаў беларусаў. Лілія Кобзік, рэдактарка сайту SOUZ-TUR.BY:

«Калі раней 1000 даляраў на чалавека бюджэт быў, цяпер – 140, ад 140. Канечне, іншыя напрамкі значна даражэйшыя».

Такім чынам, мяркуюць эксперты, казаць, што фінансавае становішча беларускіх турыстаў палепшылася, складана, але цікаўнасць да падарожжаў не знікла.

І яна была б яшчэ вышэйшай, кажуць адмыслоўцы, калі б Менск і Брусэль дамовіліся аб візавым спрашчэнні для беларусаў.

НХ, belsat.eu

Фота: Alexander Demianchuk / TASS / FORUM