Аб'ектыў 02.12.2016 Крызіс паглыбляецца. На чым эканоміць, калі заробак сыходзіць на ежу?


У сям’і актораў Ганны і Паўла Харланчукоў пяцёра дзяцей. Ганна займаецца іхным выхаваннем ды адукацыяй удома. Таксама акторка рэалізуе сябе ў сямейным тэатральным праекце «Горад сяброў», які пакуль прыбыткаў не прыносіць. Жыве сям’я з таго, што зарабляе Павал.

«Калі пяцёра дзяцей, ды нават двое-трое, гэта зусім невялікія заробкі ў тэатры. У мяне такое адчуванне, што ўвесь заробак ідзе на ежу, тэатральны заробак», – скардзіцца Ганна Харланчук-Южакова.

Дапамагае падпрацоўванне ў кіно

У тэатры Павал атрымлівае прыблізна Br 500.

«Раней стаўкі былі значна большыя: здымачны дзень акторскі. І дзякуючы такім ранейшым акторскім заробкам мы змаглі і рамонт зрабіць у кватэры, і зрабіць тое, што мы хацелі. А зараз гэта напэўна ўдвая – утрая ўрэзалася», – кажа Ганна.

Урэзаліся стаўкі і заробкі па ўсёй краіне ды ў розных сферах. Жыхарам даводзіцца эканоміць, найперш на ежы.

Як эканомяць беларусы?

«Камунальныя паслугі, тыя ж дзіцячыя сады, калі ў каго ёсць раздаём пазыкі, і ў апошнюю чаргу застаецца на харчаванне. І далёка не заўсёды мы можам дазволіць сабе набыць у краме смачняшку, якую хочам».

«Глядзім акцыі – зніжкі. Дапусцім едзем у нядзелю ў «Прастор», там 10% зніжкі: у нас двое дзяцей, у мужа на працы ўпалі даходы, я атрымліваю дэкрэтныя».

«Глядзім на кошты, выбіраем, штосьці набываем, штосьці не. Эканомім такім чынам».

– распавялі «Белсату» пакупнікі крамы.

Адлюстроўваецца эканомія спажыўцоў і ў афіцыйных статыстыках

Згодна са звесткамі Белстату, у параўнанні з мінулым годам людзі сталі набываць значна болей бульбы, аўсянкі, мукі. А вось паказнікі рыбы, арэхаў, сыроў ды яек значна знізіліся.

«Зразумела, людзі імкнуцца набываць больш танны тавар. Крыху знізіўся попыт па рыбе, таму што яна вельмі моцна падрасла ў кошце. Паднялася курыца, тое, што звычайна традыцыйнае мяса ў нас набывалася. У асноўным імкнуцца патанней, мяса захоўваецца, але стараюцца танны прадукт», – тлумачыць Маргарыта Маргелава, намесніца дырэктара крамы «Купалаўскі».

Танны – не заўсёды значыць няякасны, супакойваюць эксперты

Адмыслоўцы раяць больш пільна прыглядацца да харчоў на паліцах.

«Калі ведаць, што вось тая, ад нашай Менскай птушкафабрыкі курыца, на якой напісана «супавая», якая самая танная, якая каштуе два рублі кілаграм, яна худая, непрыгожая, але яна дастаткова здаровая, у яе не нарошчаныя гармонамі агромністыя грудкі, з яе можна зварыць на цэлы тыдзень бульёна», – падказвае кансультантка ў харчаванні Ксенія Вяцкая.

Але літр булёну наўрад ці выратуе беларусаў ад імклівага збяднення. Гэтак, у верасні за рысаю беднасці апынуліся 158 тысячаў 800 хатніх гаспадарак. Для параўнання – яшчэ ў чэрвені такіх семʼяў было на амаль 8 тысячаў меней.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары