«Крокі Польшчы па збліжэнні з Беларуссю не прынеслі зменаў»


Горадня сустракае гасцей з усёй Беларусі. На свята Палоніі, якое традыцыйна адзначаецца разам з Днём польскага сцяга і Днём Канстытуцыі 3-га траўня, завіталі палякі з Менску, Маладзечна, Барысава, Ліды ды шмат якіх іншых гарадоў.

«Я ўжо каля трыццаці гадоў належу да Саюзу палякаў, а таму для мяне гэта вельмі важнае свята», – кажа наведніца свята.

Іншы наведнік адзначае:

«Першая Канстытуцыя ў Еўропе – гэта гонар нашага народу. Таму гэта вялікае свята і вялікая ўрачыстасць».

Памятаць гісторыю і паважаць традыцыі ўжо не адно дзесяцігоддзе дапамагае Саюз палякаў Беларусі, які арганізаваў сёлетняе свята Палоніі.

«Гэта ў пэўным сэнсе ёсць дэманстрацыяй прыналежнасці да Польшчы, яднання і салідарнасці палякаў у цэлым свеце», – кажа Анджэліка Борыс, старшыня Саюзу палякаў Беларусі.

Дзеліцца сваім меркаваннем і віцэ-старшыня камісіі замежных справаў Польшчы Робэрт Тышкевіч:

«Без аніякага сумневу, калі б не дзейнасць Саюзу палякаў Беларусі, правядзенне такога свята было б немагчымае».

Аднак дзейнасці самога Саюзу ўжо амаль 13 гадоў замінаюць улады Беларусі: непрызнанне арганізацыі афіцыйным Менскам і ціск на ейных сяброў неаднаразова станавіліся каменем сутыкнення ў беларуска-польскіх дачыненнях.

«Сітуацыя з палякамі Беларусі, на жаль, не да канца ўнармаваная. Напрыклад, Саюз палякаў Беларусі, які ачольвае Анджэліка Борыс, да сёння не легалізаваны. Тыя крокі, якія ўрад Польшчы зрабіў у дачыненні Беларусі, спробы збліжэння, не прынеслі, на мой погляд, грунтоўных зменаў», – мяркуе віцэ-маршалак польскага Сенату Богдан Барусэвіч.

Алею ў агонь дадалі і леташнія планы афіцыйнага Менску перавесці адукацыю па асноўных прадметах у польскіх школах на расейскую мову. Такіх школаў, дарэчы, у нашай краіне ўсяго дзве – у Ваўкавыску і Горадні. І гэта – на амаль 300 тысяч грамадзянаў нашае краіны, якія адносяць сябе да польскага народу.

Віталь Бабін, belsat.eu