Крэмль згадаў Беларусі старыя нафтавыя даўгі


Міністэрства фінансаў зможа ацаніць страты айчыннага бюджэту ад паступлення няякаснай расейскай нафты толькі па выніках першага паўгоддзя. Аднак за першыя тры месяцы года Беларусь прадала за мяжу на 11 % менш нафтапрадуктаў, чым за такі ж перыяд летась.

Да таго ж у канцы красавіка праз усю тую ж брудную расейскую нафту Беларусь увогуле прыпыніла пастаўкі за мяжу, а пра зняцце абмежаванняў на экспарт «Белнафтахім» абвесціў толькі напярэдадні.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Гэта вялізная шкода, што нанесеная краіне. Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, выручку валютную. Транзіт – мы вялізныя грошы згубілі. Гэта сотні мільёнаў долараў».

У сваю чаргу ў адказ на патрабаванні ўладаў Беларусі пра кампенсацыю з боку Расеі прэм’ер суседняй краіны Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што расейскі бок можа ўзгадаць, як Беларусь 7 гадоў таму пастаўляла на Захад нафтапрадукты пад выглядам разбаўляльнікаў. А ў выніку Масква панесла немалыя страты.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Кампенсацыя Расеі за экспарт распушчальнікаў і разбаўляльнікаў можа складаць каля паўтара мільярда долараў – прыблізна такую суму мы недаплацілі на экспартных мытах, калі вывозілі расейскія нафтапрадукты пад выглядам хімічнай прадукцыі».

Перамовы ў балючым пытанні спачатку правядуць прэмʼеры паслязаўтра ў Маскве. А затым адбудзецца сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў краінаў – ужо 29 траўня. На ёй, мяркуюць адмыслоўцы, чарговы раз уздымуць і пытанне аб падатковым манеўры Расеі.

«Расейскае кіраўніцтва звязвае ягонае рашэнне з пытаннем так званага паглыблення інтэграцыі. То бок з абʼяднаннем Беларусі з Расеяй на падставе дамовы аб Саюзнай дзяржаве», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

Відаць, беларускае кіраўніцтва такі расклад не задавальняе. Пра гэта не аднойчы казаў сам Лукашэнка. Тым больш Крэмль мае значныя рычагі ўплыву на саюзніка.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Калі кошт расейскай нафты для Беларусі зраўняецца з сусветным, то пры існым узроўні нафтаперапрацоўкі беларуская нафтаперапрацоўка стане папросту стратнай. І адпаведна, гэта будзе мець эфект даміно на ўсю беларускую эканоміку. Таму што гэтыя нафтадолары – гэта тое, чым мы выплачваем рахункі па замежнай запазычанасці».

Валерый Карбалевіч, палітолаг:

«Дасюль Беларусь была нафтавым афшорам. І дзякуючы гэтаму статусу Беларусь атрымоўвала значныя эканамічныя дывідэнды. Цяпер трэба будзе шукаць новыя дывідэнды. І, дарэчы, гэта можа азначаць, што трэба мяняць беларускую сацыяльную мадэль. Таму што беларуская сацыяльная мадэль у значнай ступені грунтавалася на расейскіх датацыях».

Адпаведна, важным пытаннем застаецца не толькі здольнасць уладаў Беларусі атрымаць тактычную перамогу ў перамовах з усходнім суседам, але і іх гатоўнасць да сістэмных зменаў у выпадку неспрыяльнага выніку.

Мясныя і малочныя, газавыя і нафтавыя… Якіх толькі войнаў не было паміж саюзнікамі Менскам і Масквою! На фоне ж апошняга нафтавага канфлікту кіраўнік Беларусі ізноў заклікаў урад дыверсіфікаваць экспарт. Але ці не позна?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu