Крэмль шантажуе Менск апытаннямі беларусаў


Абсалютная большасць беларусаў не хоча варагаваць з Расеяй. І расейскія медыі выдаюць гэта за жаданне быць у Саюзнай дзяржаве. Як за тыдзень да падпісання інтэграцыйных дакументаў Крэмль спрабуе маніпуляваць грамадскаю думкаю нашых землякоў, разбіраўся Аляксандр Папко.

90 % беларусаў за саюз за Расеяй – артыкулы пад такімі загалоўкамі з’явіліся на старонках «Российской газеты», «Комсомольской правды» ды інфармацыйнага агенцтва REX. Прычына радасці расейскіх выданняў – вынікі тэлефоннага даследавання, праведзенага Цэнтрам прасторавага аналізу Маскоўскага інстытуту міжнародных адносінаў.

«Гаворка ідзе пра тое, што 90 % падтрымліваюць саюзніцкія або партнёрскія адносіны з Расеяй. Партнёрскія адносіны – гэта па сутнасці проста добрасуседскія, нармальныя адносіны», – каментуе эксперт Цэнтру стратэгічных ды вонкавапалітычных даследаванняў Юры Царык.

Саюзніцкія адносіны – гэта не саюзніцкая дзяржава

Якую форму адносінаў з Расейскай Федэрацыяй вы лічыце найбольш прымальнай для дзяржавы? – такое пытанне расейскія сацыёлагі меліся задаць беларусам. Варыянтаў адказаў было чатыры: варожыя, нейтральныя, партнёрскія ды саюзніцкія. Не дзіўна, што большасць беларусаў хоча саюзніцкіх стасункаў – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк. Толькі што гэта азначае?

«Калі капнуць углыбіню і запытаць: «А што вы разумееце пад саюзніцкімі адносінамі?» – думаю, большасць адкажа: «Тое, што мы маем сёння». І я думаю, што такія адносіны большасць насельніцтва падтрымлівае», – каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

Што пад саюзніцкімі адносінамі разумеюць самі беларусы?

«Я бы хацела, каб мы засталіся незалежнымі, але проста падтрымлівалі сяброўства з Расеяй, бо гэта нам будзе выгадна».

«Ніякага аб’яднання ў адну дзяржаву не будзе. Навошта гэта рабіць! Нам і так добра!»

«Я лічу, што трэба падпісваць тыя дакументы, пра якія дамовіліся, і я лічу, што Беларусі трэба больш з Расеяй інтэгравацца!» – дзеляцца сваімі меркаваннямі жыхары Менску.

Жыхарка вёскі Бабінец на Берасцейшчыне размаўляе праз тэлефон. Ілюстратыўнае фота – Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Ідэю стварэння дзяржавы з супольным урадам, падаткамі ды арміяй, паводле нядаўніх апытанняў Беларускай аналітычнай майстэрні, падтрымліваюць менш за 16 % беларусаў. Праўда, пра гэта Цэнтр прасторавага аналізу МГІМО і не пытаў – кажа чалец даследчай каманды Пётр Асколкаў.

«Саюзнай дзяржавы апытанне не датычыла. Пад саюзніцкімі адносінамі мы мелі на ўвазе нешта большае, чым партнёрскія», – патлумачыў выкладчык Факультэту сусветнай палітыкі МДУ.

Даследаванне пад назвай «Трансфармацыі электаральных паводзінаў у рэгіёнах замежных краінаў» МГІМО праводзіць не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Польшчы, Украіне ды яшчэ ў сямі краінах – суседках Расеі. Як патлумачыў Пётр Асколкаў, навукоўцы высвятляюць, ці больш жыхары, якія жывуць бліжэй да Расеі, галасуюць за прарасейскіх палітыкаў.

Ілюстратыўнае фота – Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Як зазначыў Юры Царык, «вельмі паказальна, што апытанне праводзілася з Расеі, абмінаючы беларускія ўлады. І ў гэтым плане гэта вельмі непрыемны сігнал для Менску».

За правядзенне грамадска-палітычных апытанняў без акрэдытацыі ў Беларусі пагражае штраф да 1000 еўраў. Другім непрыемным сігналам для Менску Юры Царык называе дату публікацыі вынікаў апытання. Да 8 снежня Менск і Масква павінныя завяршыць інтэграцыйныя перамовы. Эксперт не выключае, што лічбамі сацыёлагаў Крэмль націскае на Менск, каб зрабіць інтэграцыю глыбейшай.

Аляксандр Папко, «Белсат»