Аб'ектыў 03.09.2019 Краіна без мужчынаў. У Менску паставілі спектакль пра Беларусь будучыні


Сцэна спектаклю Мікіты Ільінчыка і Анастасіі Васілевіч паводле вершаў Вальжыны Морт. Фота – «Белсат»

Ад сёння на Кастрычніцкай вуліцы можна пабачыць спектакль, цалкам пабудаваны на базе вершаў Вальжыны Морт, беларускай паэткі, якая жыве ў ЗША. Перадпаказ наведала Аляксандра Дорская.

Аўтары спектаклю, які паўстаў у межах тэатр-майстэрні «Ок16» – рэжысёр Мікіта Ільінчык, нядаўні выпускнік Расейскага інстытуту тэатральнага мастацтва, і тэатразнаўца Анастасія Васілевіч. Вершы Вальжыны Морт яны абралі за эстэтыку і вастрыню.

«У адзін і той жа момант, калі мы думалі над матэрыялам, мы скінулі адно адному ў мэсэнджары адзін і той жа тэкст. І мы зразумелі, што па-іншаму не атрымаецца – мы робім толькі Вальжыну Морт. У нас мастацтвазнаўчы бэкграўнд у абаіх, і мы разумеем важнасць ейных тэкстаў – погляд звонку на беларускую рэчаіснасць, ускрыццё крызісу ідэнтычнасці», – распавядае Анастасія Васілевіч.

Відэарэпартаж з перадпаказу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 3 верасня

Усе словы герояў на сцэне – гэта радкі са зборніку «Эпідэмія ружаў», сплеценыя адмысловым чынам. Аўтарка пагадзілася з гэткім калажам сваіх вершаў. А фонам – побытавы сюжэт, сугучны з ідэяй кнігі:

«Гэта гісторыя сям’і ў постсавецкай прасторы, сям’і, дзе няма мужчыны. Чаму ў Беларусі мала мужчынаў, пытанне дзіўнае – гэта і вайна, і рэпрэсіі. І гэтыя жанчыны пераадольваюць абставіны, паўтараюць колы жыцця сваіх бабуляў-прабабуляў», – дадае Васілевіч.

Аўтар сцэнаграфіі – малады мастак Аляксандр Адамаў, які з тэатральнай прасторай працуе ўпершыню. Каларыстыка дзеі – цёплая, зямельная.

«Мне трэба было вырашыць задачу, як з дому, не выходзячы са сцэнічнай прасторы, выбрацца ў іншыя светы – у тагасветны, дзе гераіня сустракае сваю маці, якая памерла, у свет вуліцы, у свет могілак. І трэба было гэта лаканічным чынам пераплесці», – кажа Адамаў.

Гэта спектакль для тых, хто любіць слухаць словы, – i хоча пачуць вершы Вальжыны Морт у непрадказальных, калейдаскапічных маналогах. Паглядзець яго ў Менску можна будзе 4 верасня і 17 кастрычніка.

Аляксандра Дорская, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары