15 % электронных зваротаў застаюцца без адказаў, а Адміністрацыя кіраўніка краіны найчасцей адсылае адрасата па іншым адрасе. Каму пісаць і як пісаць, каб вас пачулі, распавядае Наста Кахановіч.
«Улица названа в честь народного поэта Белоруссии». Шыльда з такім надпісам вісіць у Менску на вуліцы Куляшова. Недарэчная назва краіны абурыла беларусаў, і яны склалі петыцыю на адпаведным сайце Petitions.by. Цяпер пад ёй – крыху больш за 90 подпісаў.
На гэтай папулярнай платформе для збору подпісаў зарэгістраваліся ўжо амаль 308 000 карыстальнікаў. За няпоўныя пяць гадоў яны стварылі тут больш за 2200 петыцыяў.
Аўтар двух дзясяткаў з іх – актывіст Менскага роварнага таварыства Павел Гарбуноў.
«У праекце новых правілаў перавозкі ровараў у грамадскім транспарце ровары зусім было б забаронена перавозіць. І гэта такая ўжо больш грамадская петыцыя, якая хвалюе шмат людзей, шмат хто яе падпісаў, і таму яна была паспяховая», – кажа старшыня ўправы Менскага Роварнага таварыства.
Паводле заснавальніка сайту, больш за 60 % петыцыяў можна лічыць паспяховымі: патрабаванні або задаволілі часткова, або паабяцалі выканаць. Але шмат якім карыстальнікам усё яшчэ бракуе разумення, як правільна складаць звароты.
«Людзі часцей за ўсё пішуць у Адміністрацыю прэзідэнта ў надзеі на тое, што прэзідэнт прачытае і вырашыць праблему. Але гэта памылковыя надзеі. У 99 % выпадкаў Адміністрацыя прэзідэнта проста перашле гэты ліст у мясцовы выканкам, і сэнсу ў гэтым ніякага няма. Праблему трэба вырашаць з самага нізкага ўзроўню», – кажа Ўладзімір Кавалкін, стваральнік Petitions.by
Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa прэзентавала даследаванне пра электронныя звароты ў кантэксце правоў чалавека. Паводле адмыслоўцаў, 15 % усіх зваротаў за 2017 і 2018 год засталіся без адказу, а гэта – парушэнне заканадаўства.
Большасць аўтараў зваротаў – мужчыны. А траціна петыцыяў датычыць Менску. Больш за палову зваротаў можна акрэсліць як праваабарончыя.
«Мы лічылі, што людзі не выкарыстоўваюць словаўтварэнне «правы чалавека» ў петыцыі, бо або баяцца, або не ведаюць. Але аказалася – не: тэрмін адказу на такія петыцыі і задаволенасць рэспандэнтаў адказамі на іх – прыблізна аднолькавыя», – кажа кіраўніца Sympa Наталля Рабава.
Днямі Petitions.by апынуўся пад увагаю медыяў яшчэ праз тое, што ў суд на сайт падало кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорту «Менск». Прэтэнзіі былі звязаныя з петыцыяй, аўтары якой патрабавалі зняць абмежаванне на колькасць бясплатных заездаў да ўваходу ў будынак аэрапорту для легальных перавознікаў. Паводле юрыстаў аэрапорту, у петыцыі была непраўдзівая інфармацыя, і яе патрабавалі зняць. Суд пазоў адхіліў.
Наста Кахановіч, «Белсат»