Аб'ектыў 14.10.2018 Кожны дзясяты ўдзельнік акцыі пратэсту ў Берасці затрыманы


Карміць птушак на галоўнай плошчы Берасця па-ранейшаму незаконна. Міліцыя затрымала кожнага дзясятага ўдзельніка мірнай акцыі пратэсту. Падтрымаць пратэстоўцаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва патэнцыйна небяспечнага акумулятарнага заводу, прыехаў Мікалай Статкевіч. Калі іншых затрыманых неўзабаве адпусцілі, то апазіцыйнаму палітыку давядзецца чакаць суда за кратамі.

«Нет заводу! Нет заводу! Нет заводу!».

Выдатнае надвор’е і рашучы настрой панавалі сёння ў цэнтры Берасця. Дзясяткі не абыякавых да сваёй будучыні жыхароў гораду чарговы раз выйшлі на галоўную плошчу, каб нагадаць уладам пра імаверную небяспечнасць акумулятарнага заводу, што будуецца непадалёк.

«Гэта трэба дадумацца пабудаваць завод у густанаселеным раёне! Я да чаго гэта кажу? Там, наверсе, сядзяць прайдзісветы, жулікі, злодзеі, карупцыянеры. Ім увогуле на нас пофіг, ім усё роўна, што будзе з нашымі дзецьмі», – распавёў блогер і актывіст Сяргей Пятрухін.

Далучыцца да сённяшняй акцыі запрашалі і саміх чыноўнікаў, але тыя ўжо традыцыйна людзей праігнаравалі. Падтрымаць актывістаў прыехаў з Менску палітык Мікалай Статкевіч. Ён лічыць, што ў сітуацыі, якая склалася, вінаватыя не дробныя чыноўнікі ці бізнесоўцы, а наўпрост кіраўнік краіны, які затрымаўся пры ўладзе.

«Усё ў гэтым горадзе хочуць атруціць свінцом. І не толькі ў вашым горадзе. І не толькі ў вашым – Светлагорск таксама ў прыгожым месцы. Такое ўражанне, што нашую чыстую і прыгожую, не забітую людзьмі Беларусь, пачынаюць прадаваць», – кажа Мікалай Статкевіч, апазіцыйны палітык.

Каб трапіць на акцыю, давялося дабірацца абходнымі шляхамі, кажа палітык. Перашкоды зазнавалі і ў самім Берасці. Паводле блогера Аляксандра Кабанава, міліцыянты заблакавалі аўтамабіль, што меў даставіць на плошчу рупар. А днямі пракуратура фактычна забараніла актывісту наведваць сёння цэнтр гораду.

«Пачынаюцца затрыманні, запалохванні… Замест таго, каб звярнуць увагу на ўсе тыя спрэчныя пытанні, якія знайшлі мы разам з ініцыятыўнай групай, пачынаюць дзяўбаць гэтых людзей. То бок атрымліваецца, практычна ўсе ўлады Берасцейскай вобласці, а, магчыма, і рэспублікі, працуюць на аднаго прадпрымальніка», – распавядае Аляксандр Кабанаў, блогер і актывіст.

Гаворка пра Віктара Лемяшэўскага, які пераконвае людзей і ўлады ў бяспечнасці ды прыбытковасці свайго праекту. Актывісты заўважаюць: акумулятарны завод, які будуе бізнесовец, каштуе каля 20-ці мільёнаў долараў, у той час як замежныя аналагі такіх праектаў у некалькі разоў даражэйшыя. Маўляў, гэта наўпрост адаб’ецца на экалогіі. Як прыклад актывісты згадваюць небяспечныя свінцовыя адкіды з ужо існага белаазёрскага заводу. Амаль 11 тысяч тонаў свінцовага попелу прадпрыемства незаконна захоўвала ў пасёлку Зялёны Бор. Напярэдадні там на ўказальніку павесілі надпіс «Чарнобыль».

«Нідзе па дзяржаўным тэлебачанні гэтага няма, нідзе ў дзяржгазетах гэтага няма. А гэта таксама нашыя грошы!», абураецца Аляксандр Кабанаў, блогер і актывіст.

Завяршылася берасцейская акцыя не тыпова – людзі суправадзілі да аўтазака Аляксандра Кабанава, Сяргея Пятрухіна і Мікалая Статкевіча. Пазней каля РАУС затрымалі і некаторых іншых актывістаў.

«Давайце паапладзіруем! Ура!»

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары