Кошты на паліва стабільна растуць


Ізноў на капейку. У краіне стабільнасці… растуць кошты на паліва. Літр АІ-98 цяпер каштуе рубель 77 капеек. Дызельнае паліва ды АІ-95 – па адным рублі 56 капеек за літр. Найтанней – АІ-92 – рубель 45 капеек.

«А цяпер падлічыце, колькі машынаў, паглядзіце і памножце на 10 літраў. Па капейцы. Вось і атрымаецца вынік».

«Капейка капейку сцеражэ. Падаецца, гэта толькі адна капейка для мяне, але дзяржава мае вялікі прыбытак. А да падаражэння мы, беларусы, усе звыкліся. Увесь час даражэе, увесь час горш і горш».

«Напэўна, трэба на экамабілі пераходзіць – за гэтым будучыня, яно і для экалогіі добра».

«Запраўка і выдаткі на абслугоўванне ўласнага аўта каштуюць у два разы больш, чымся ездзіць таксоўкаю».

«Людзей жа трэба душыць паціху, адразу – нецікава. Каб чалавек адчуваў агонію гэтую».

«Я прыхільнік адначасовага падаражанн, а не па капейцы: падаражэла – бачыш, колькі і што. Нейкія планы будуеш, свае выдаткі, свой бюджэт».

Гэта другое павелічэнне коштаў сёлета, летась прэйскурант на бензастанцыях змяняўся ажно 27 разоў. «Белнафтахім» тлумачыць падаражэнне кампенсацыяй для нафтаперапрацоўчых заводаў і ростам коштаў на нафту.

«Насамрэч нафта зараз не даражэе, апошнія некалькі дзён яна таннее, зараз яна прыкладна на 30 адсоткаў таннейшая, чымся была ў кастрычніку і прыблізна на тым жа ўзроўні, што была год таму», – адзначае Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік«Белсату».

А таму павелічэнне коштаў на паліва эканамісты звязваюць перадусім са стратамі нафтаперапрацоўчых заводаў праз падатковы манеўр Расеі.

«Кошты на паліва адбіваюцца на коштах практычна ўсіх тавараў і паслуг. Ежа, напрыклад. Вялікая колькасць паліва ідзе на тое, каб пасеяць, сабраць і развезці ўраджай. Адпаведна, на бальшыню іншых паслугаў і тавараў рост коштаў на паліва будзе аказваць інфляцыйны ўплыў», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік«Белсату».

Дзевяць гадоў таму Менск скалыхнулі акцыі пратэсту супраць павышэння коштаў на паліва. Тады ўлады ўмОмант узнялІ іх на 30 адсоткаў. З тае пары «Белнафтахім» павышае кошты плаўна. Аднак апошнім часам – яшчэ і часта.

«Карэктаванне цэнаў ажыццяўляецца не толькі на падставе змененай канʼюнктуры нафтавага рынку, але і з улікам зменаў іншых фактараў – падатковай нагрузкі, курсу нацыянальнай валюты», – адзначаюць у «Белнафтахіме».

А таму кошты на паліва будуць расці і надалей, паведамляе «Белнафтахім». Хоць напрыканцы года кіраўніцтва канцэрну запэўнівала, што кошты будуць змяняцца ў залежнасці ад рынку, днямі старшыня «Белнафтахіму» пацвердзіў: «тактыка павышэння цэнаў застанЕцца ранейшаю». То бок – па капеечцы штотыдзень.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»