Аб'ектыў 03.05.2018 Беларуская прамысловасць – як чорная дзіра


Бюджэт павінен быць для мэтаў сацыяльнай палітыкі, а ён ідзе на падтрыманне стратных прадпрыемстваў. Гэткая думка гучала з вуснаў кіраўніка краіны на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Колькі ж у Беларусі стратных прадпрыемстваў ды чаму, нягледзячы на мадэрнізацыю за бюджэтныя сродкі, яны гэтак і самаакупіліся?

Праз амаль чвэрць стагоддзя свайго кіраўніцтва Аляксандр Лукашэнка нарэшце прызнаў: дзяржаўнае падтрыманне стратных прадпрыемстваў не дае належнага выніку.

«Нам патрэбныя прадпрыемствы, якія жывуць без сталага падсілкоўвання з дзяржбюджэту. Такім чынам мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і лекараў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і, наадварот, накіроўвацца ў бюджэт», – заявіў Лукашэнка.

Тым часам колькасць стратных прадпрыемстваў у Беларусі працягвае павялічвацца, а іх даўгі і страты застаюцца на стабільна незадавальняльным узроўні. Гэтак, гігант айчыннай прамысловасці МАЗ дэманструе такія ж велізарныя мінусы ўжо чацвёрты год запар – 41 мільён рублёў чыстай страты па выніках 17-га. А страты «Белшыны», праз курсавыя розніцы, у мінулым годзе выраслі нават у 65 разоў! Ды склалі 274 мільёны рублёў!

Агулам у краіне, паводле афіцыйнай статыстыкі, налічваецца каля пяці соцень стратных прампрадпрыемстваў, гэта амаль траціна ад агульнай колькасці фабрык (30,8 %). Пры гэтым агульная сума чыстых стратаў за апошні год павялічылася амаль у чатыры разы, да 628 мільёнаў рублёў ($ -311,1 млн). Дзяржава не публікуе звестак аб тым, колькі грошай з дзяржбюджэту ідзе на падтрыманне гэтых фабрык.

«Незалежна ад таго, куды ідуць гэтыя грошы – ці на «падтрыманне штаноў», ці на нейкае міфічнае развіццё, вынік гэтага ўкладання будзе аднолькавы – гэта значыць, не будзе ніякага вы ніку. Паколькі толькі калі чалавек укладае ўласныя грошы 3:33 вось тады ён дзесяць разоў пралічыць і ўлічыць усе абставіны ды акалічнасці», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Самаакупальнасць, пра якую гэтак клапоціцца дзяржава, – далёка не самае важнае, – мяркуюць эканамісты. Прадпрыемства мусіць перадусім развівацца ды ствараць запатрабаваную прадукцыю. Толькі тады можна разлічваць на высокі прыбытак і далейшае развіццё. Але што перашкаджае нашым вытворцам? Запытаемся ў мінакоў.

Жыхары Менску кажуць:

«Якасць трэба павышаць. Усё залежыць ад матэрыялаў, ад жадання і ад попыту».

«Прадпрыемства павіннае мадэрнізаваць сваю вытворчасць, вядома. Але толькі моладзь можа гэта зрабіць, таму што сталыя людзі працуюць па старынцы».

«На мой погляд, трэба мяняць усю сістэму ў корані».

З апошняю думкай эканамісты пагаджаюцца. Маўляў, эфектыўнасць можа з’явіцца толькі тады, калі грошы будуць даваць на вынік. А пакуль ніякіх зменаў не прадбачыцца, людзям даюць карысную параду:

«Каб яны ўсё ж такі арыентаваліся на свае сілы. Тое, што яны зарабляюць, тое, што яны хочуць зарабіць і тое, што яны плануюць рабіць, гэта не павінна быць звязанае з дзяржаваю! Бо калі гэта звязанае з дзяржаваю, гэта вельмі рызыкоўна», – кажа Леў Марголін.

Што ж да прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, тут справы яшчэ горшыя: летась кожнае чацвёртае было стратным.

Многія з іх аддаюць на баланс тых жа прамысловых прадпрыемстваў, заганяючы ў яшчэ большыя даўгі і страты.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары