Аб'ектыў 26.07.2018 У Віцебску з’явілася другая электразапраўка


У Еўропе даволі распаўсюджаныя электрамабілі. Беларусы з розных прычынаў пакуль не спяшаюцца перасядаць на іх. Першы электрамабіль у краіну завезлі чатыры гады таму. Сёння, паводле розных крыніцаў, іх ад 100 да 300, і па ўсёй Беларусі ўсталявана больш за 40 электразаправак. Напрыклад, у Віцебску іх толькі дзве.

У Віцебску першую электразапраўку летась усталявала прадпрыемства «Віцязь». У ліпені на ўездзе ў абласны цэнтр з боку мікрараёну Білева з’явілася яшчэ адна – яе ўсталяваў «Еўраопт» на стаянцы гіпермаркету. Тут адначасова могуць запраўляцца два электрамабілі.

«Гэта нашая беларуская вытворчасць, закупленая ў горадзе Менску. Самі ўстанаўліваем – «Еўрагандаль», для паляпшэння, для людзей, каб ім было прасцей, лягчэй. І развіваць гэтую сетку», – кажа Ілья Міхайлаў, галоўны інжынер «Еўраопту».

Кошт адной такой устаноўкі – 4000 рублёў. А ўладальнікі аўто запраўляюцца тут бясплатна. На запраўку трэба ад 40 хвілінаў да 2 гадзінаў і можна праехаць ад 100 да 200 кіламетраў, у залежнасці ад маркі аўтамабіля, распавядае адзін з уладальнікаў машыны «Tesla» Сяргей Лосеў. Кажа, што машыну ніколі не разражае, таму, пакуль набывае неабходныя прадукты ў «Еўраопце», машына гатовая да руху.

«Маё знаёмства з электрамабілямі было з youtube. Потым я пачаў больш дазнавацца пра гэтую тэму. Думаў, што «Тэсла» недасягальная мара. Пачаў цікавіцца іншымі электрамабілямі. У выніку спыніўся на Ліфе, пачаў капіць грошы. Але ў выніку я грошай не назбіраў, я ўзяў крэдыт, вялікі крэдыт», – распавядае Сяргей Лосеў.

Сяргей кажа, што ён крэдыт выплаціў значна раней, чым планаваў. Бо ўтрыманне электрамабіля абыходзіцца значна танней, чым бензін ці дызель, і гэта не толькі кошт паліва. Да таго ж непараўнальнае адчуванне камфорту ў машыне.

«Ніякага шуму пабочнага, ніякіх вібрацыяў пабочных, асабліва калі едзеш за горад гадзіну-другую. Раней, калі была бензінавая машына, не звяртаў на гэта ўвагі, а, калі перасеў на электрамабіль, разумееш, як нязручна табе было ездзіць на бензінавай машыне», – кажа Сяргей Лосеў.

Віцебскае прадпрыемства «Віцязь» плануе і надалей развіваць сетку заправачных станцыяў пераменнага току, якія дазваляюць запраўляць электрамабілі як трохфазным, гэтак і аднафазным напружаннем.

«На гэты момант індывідуальны прадпрымальнік, маючы пэўныя дакументы, можа ўсталяваць на сваёй тэрыторыі электразапраўку і за пэўны кошт можа даваць паслугу ў запраўцы электрамабіля», – тлумачыць Аляксандр Матросаў, намеснік начальніка аддзелу маркетынгу ААТ «Віцязь».

Такія запраўкі маглі б выдатна выконваць сваю ролю на трасах, якія вядуць у еўрапейскія краіны. Нашыя заходнія суседзі больш актыўна перасядаюць на экалагічны і эканамічны электратранспарт.

Алёна Шабуня, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары