Колькі насамрэч пʼюць беларусы? Улады прапаноўваюць новую методыку падліку


Больш за 200 тысячаў замежных турыстаў за год прыязджаюць у Беларусь і, сярод іншага, псуюць нацыянальную статыстыку ўжывання алкаголю, мяркуе Нацыянальны статыстычны камітэт. Таму з сёлетніх і леташніх звестак пра ўжыванне ў нашай краіне будуць вылічваць тую колькасць піва і гарэлкі, якую выпілі турысты.

Наколькі гэтая ініцыятыва адпавядае міжнароднай практыцы, мы спыталі былога менеджара праграмы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў пытаннях алкаголю і забароненых наркотыкаў Лярса Мюлера:

«У Сусветная арганізацыі аховы здароўя мы адымаем колькасць турыстаў ад статыстыкі спажывання алкаголю толькі тады, калі яна перавышае колькасць людзей, якія выязджаюць з краіны на адпачынак. А ў Беларусі, мне падаецца, адваротная сітуацыя. Я не думаю, што ў вашую краіну прыязджаюць больш турыстаў, чымся выязджаюць».

З тлумачэнняў міжнароднага адмыслоўца ініцыятыва Белстату выглядае як махлярства.