Колькі будзе каштаваць Лукашэнка?


Падзенне курсу рубля, змяншэнне экспарту і павелічэнне вонкавай запазычанасці. Гэткія эканамічныя выклікі для нашае краіны прагназуюць эканамісты. Ці здольны Аляксандр Лукашэнка іх вырашыць? І ці гатовыя людзі прымаць надалей ягоныя прапановы?

600 мільёнаў долараў – на столькі з пачатку года вырасла дзяржаўная запазычанасць. Усяго ж доўг дзяржавы і прадпрыемстваў пераваліў за 25 мільярдаў долараў – гэта 42 адсоткі ВУП. За дзесяцігоддзе ён вырас амаль удвая.

«У сувязі з апошнімі падзеямі чакаць грошай ад міжнародных фінансавых арганізацыяў не даводзіцца. Размясціць еўрабонды таксама не атрымаецца. Я думаю, што адна Расея поўнасцю фінансавыя патрэбы Беларусі не задаволіць. Гэта прыкладна тры мільярды долараў», – ацэньвае фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Перазапазычыць 1 мільярд Аляксандр Лукашэнка хоча ў Масквы. Аднак на вонкавых выплатах праблемы нашае эканомікі не заканчваюцца. У параўнанні з першым паўгоддзем 2019-га наш экспарт у Расею ўпаў амаль на сем адсоткаў, а экспарт на Захад – на чвэрць. З дня прэзідэнцкіх выбараў долар падаражэў на 20 капеек. Каб не губляць грошай з-за аслаблення рубля, шэсць банкаў прыпынілі выдачу рублёвых крэдытаў.

«Поўнасцю страчаны давер да ўладаў. Чакаць нейкіх прыватных інвестыцыяў, інвестыцыяў у банкаўскія структуры, інвестыцыяў міжнародных фінансавых арганізацыяў не даводзіцца. На нешта мы можам разлічваць з боку Расеі, але невядома, якія сустрэчныя патрабаванні яна выставіць», – зазначае Вадзім Іосуб.

Забастоўкі з палітычнымі патрабаваннямі праводзяць адзінкавыя заводы, затое на многіх рабочыя проста сабатуюць загады начальства. Тым часам поўнасцю або часткова выводзіць працаўнікоў з Беларусі намераныя 70 IT-кампаніяў. Вынікі інтэрнэт-апытання днямі агучыў партал dev.by.

«Брутальна затрымліваюць прадстаўнікоў бізнесу, людзей, якія маюць свае кампаніі. Зразумела, што ў такіх умовах бізнес проста сыходзіць з краіны», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Лукашэнка сыходзіць з краіны не збіраецца, аднак абяцае канстытуцыйную рэформу.

«Трэба зрабіць так, каб сістэма працавала, не зважаючы на асобу – у тым ліку на Лукашэнку», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Больш аўтаноміі суддзям, больш паўнамоцтваў Нацыянальнаму сходу і палітычным партыям – такія ідэі ён агучвае ў апошнія месяцы.

«Пра нейкія канстытуцыйныя рэформы, пра нейкія парламенцкія і прэзідэнцкія выбары пасля яе – але мы чуем гэта з вуснаў Пуціна, а не Лукашэнкі. Калі гэта адбудзецца праз пяць гадоў, то гэта наўрад ці каго-небудзь зацікавіць», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Ці гатовыя нашыя людзі пачакаць рэформы, якую абяцае Лукашэнка?

«Не, сто адсоткаў не! Праз пяць гадоў і краіны не застанецца!»

«Як сказала Рыта Дакота ў сваёй песні: «Дваццаць шэсць – гэта доўга, а пяць – яшчэ даўжэй».

«Калі яму на замену прыйдзе іншы, гэта дрэнна скажацца на эканоміцы. Большасць заводаў можа зачыніцца».

«Канстытуцыя ад Лукашэнкі? Народ ведае, што якую б канстытуцыю ён не напісаў, выбары будуць сфальсіфікаваныя», – перакананыя жыхары Гомля.

Падзяліцца з Лукашэнкам досведам у рэфармаванні Канстытуцыі гатовая Масква. Досвед «экспертны, пра што ўласна кажуць вынікі галасавання», – заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Паводле расейскага ЦВК, за «абнуленне» тэрмінаў Пуціна ў ліпені прагаласаваў 71 адсотак расейцаў.

Аляксандр Папко, «Белсат»