Колькі Беларусь вінная Кітаю?


Пераадолець нястачу грошай дапаможа Паднябесная. 500 мільёнаў долараў кітайскай пазыкі трапяць на рахункі Міністэрства фінансаў да канца года. На якіх умовах Кітай дае грошы?

Не пазычае Расея – возьмем грошы ў Кітаю. Крэдыт на 3,5 мільярды юаняў або паўмільярда долараў дзяржаўная прэса назвала ўнікальным. Усе папярэднія пазыкі былі звязаныя.

«Гэта значыць, ішлі на фінансаванне канкрэтных праектаў, звязаных з Кітаем, і тут жа сыходзілі на аплату кітайскага абсталявання, кітайскіх тавараў, працу кітайскіх падрадчыкаў. Сёння мы ўпершыню атрымалі незвязаны крэдыт. Гэта значыць, Беларусь можа сама распараджацца гэтымі грашыма», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Грошы Менск пазычыў у Пекіну, каб аддаць ранейшыя крэдыты. А вось перамовы з Крамлём аб крэдыце на 600 мільёнаў долараў скончыліся няўдачаю.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Расея і сама ў цяжкім эканамічным стане, і жаданне нас спансіраваць у яе ўжо знікла. Яна вырашыла, што мы ўжо дастаткова залезлі ў гэтую пастку», – тлумачыць Яўген Красулін, палітолаг.

Першыя спробы выйсці з крэдытнай залежнасці ад Масквы Менск пачаў рабіць 10 гадоў таму, калі Расея істотна скараціла нафтавыя субсідыі. За гэты час Кітай пагадзіўся даць звязаных крэдытаў на 22 мільярды долараў. Менск выкарыстаў для супольных праектаў толькі сёмую частку гэтай сумы. Да эканамічнага прарыву кітайскія грошы не прывялі.

«Крэдыты былі звязаныя, ішлі на аплату кітайскіх тэхналогіяў. Далёка не заўсёды гэтыя тэхналогіі былі эфектыўныя. Сярод іншага, можна прыгадаць будаўніцтва кітайскімі фірмамі за кітайскія грошы папяровай фабрыкі, якая ніколі толкам не запрацавала», – распавядае Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Галоўным крэдыторам Беларусі па-ранейшаму застаецца Расея. Ёй Менск вінен амаль 8 мільярдаў долараў, што раўняецца трынаццаці адсоткам валовага ўнутранага прадукту. Кітаю – тры мільярды або пяць з паловай адсоткаў ВУП.

Каму вінаваты грошы ўрад Беларусі? ($ млрд)

Расея – 7,9

Кітай – 3,3

Еўразійскі фонд стабілізацыі ды развіцця – 2,7

Заходнія крэдыторы – 3

«Ёсць агульная палітыка Кітаю, які проста так грошай не раздае. Нават маленькую карысць Кітай паспрабуе атрымаць. Пытанні з’явяцца тады, калі беларусы не змогуць разлічыцца з крэдытамі. Вось тады пачнуцца праблемы», – кажа Сяргей Нікалюк, палітолаг.

А вось суседзі Кітаю залежнасцю ад яго ўжо ўстрывожаныя. Параўнальна з велічынёй эканомік іхная запазычанасць перад Паднябеснай значна большая, чым у нас. У Кыргызстану яна роўная траціне ВУП, у Таджыкістану – набліжаецца да адной пятай.

Колькі грошай краіны Цэнтральнай Азіі вінаватыя Кітаю (% ВУП):

Кыргызстан – 30,5

Таджыкістан – 16

Туркменістан – 13,4

Узбекістан – 7,5

Казахстан – 3,6

Таджыкістан наўзамен спісання пазыкаў аддаў кітайскім фермерам у арэнду 18 тысячаў гектараў земляў. У Кыргызстане Кітай кантралюе чатыры з шасці буйных радовішчаў золата. Эканамічна ўзалежніўся ад Кітаю і Туркменістан. Туды ён прадае дзве траціны газу – ледзьве не адзінага экспартавага прадукту.

Шанцы трапіць у залежнасць ад Кітаю невялікія – супакойваюць нашыя каментатары. Аднак Паднябесная сапраўды мае ў Беларусі моцныя эканамічныя інтарэсы. Менавіта праз нас на Захад ідзе 3 з 4 цягнікоў з кітайскімі таварамі.

Аляксандр Папко belsat.eu

Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum