«Вялікі камень» расце. Індустрыяльны парк павялічыўся ў 4 разы


Год таму ў індустрыяльным парку Вялікі Камень пад Смалявічамі было ўсяго 8 рэзідэнтаў, то цяпер – 33, у чатыры разы больш. Наш карэспандэнт паехаў паглядзець на «будоўлю века», каб даведацца, як цяпер выглядае «Вялікі камень».

Попыт, які пашыраецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі год таму ў індустрыяльным парку Вялікі Камень пад Смалявічамі было ўсяго 8 рэзідэнтаў, то цяпер – 33, у чатыры разы больш.

Паводле афіцыйнага інфармагенцтва belta.by, сёлета колькасць рэзідэнтаў павялічылася ў паўтара разу – на 11 новых кампаніяў. Рэшта дадалася ў канцы мінулага года. Праўда, дагэтуль рэзідэнты Вялікага Каменя былі імі толькі на паперы. Будаваць там яны не спяшаліся. Скажам, будаўнічая пляцоўка кампаніі «Зумліён» выглядае гэтак жа, як і год таму.

«Інвестар, які прыходзіць са сваймі капіталамі, прыходзіць пад рынак збыту. Калі рынку збыту няма, то прэферэнцыі – падатковыя ці мутныя, яго ўжо моцна не хвалююць», – кажа Аляксандр Абуховіч, адмысловец гандлёва-прамысловай палаты.

Але цяпер сітуацыя відавочна змянілася – некаторыя рэзідэнты будаўнічыя работы вядуць, прычым некаторыя – блізкія да завяршэння. Практычна цалкам дабудаванае памяшканне для вытворчасці суперкандэнсатараў карпарацыі Сэньду Сэньчжу. Актыўныя работы ідуць на пляцоўцы фірмы Рухтэх, якая плануе вырабляць там прамысловыя лазеры для нарэзкі і зваркі жалеза. Гэта – даччыная фірма амерыканскай карпарацыі Фатонікс, якой валодае расейскі мільярдэр-навуковец Валянцін Гапанцаў. Узводзіцца будынак супольнага заводу МАЗ і кітайскай Вэйчай, якія будуць вырабляць рухавікі ўнутранага згарання. Пакуль без будаўнічых працаў, але ўжо абгароджаная стаіць пляцоўка беларускай кампаніі Крыптон, якая плануе пабудаваць там гіганцкі сервер.

«Мы ствараем магутную інфраструктуру, даем сур’ёзныя прэферэнцыі. Важна, каб усё гэта дало вынік у выглядзе прыходу высокіх тэхналогіяў», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Такім чынам, апрача складоў Чайна Мерчанц, якая не належаць да вытворчых кампаніяў, рэальна з 33-х рэзідэнтаў індустрыяльнага Парку відавочна будуюцца толькі тры – Рухтэх і СэньдуСэньчжу. Нават калі палічыць Зумліён, які за год адно разраўняў сабе бульдозерамі пляцоўку, ды беларускую кампанію Крыптон, якая яшчэ не прыступіла ані да гэтага, гаворка – пра 10 % ад зарэгістраваных рэзідэнтаў. То бок, хоць гэта ўжо прагрэс, у параўнанні з нулявой актыўнасцю мінулых гадоў, рэальны інтарэс вытворчых кампаніяў да інвестыцыяў у індустрыяльны парк застаецца мізэрны.

«Па-першае, у нас няма судовай сістэмы., Ніводзін інвестар ня здольны сабе абʼектыўна адсудзіць свае гэтыя самыя», – кажа адмысловец гандлёва-прамысловай палаты Аляксандр Абуховіч.

З найвялікшым размахам у Вялікім Камяні працягваюць будаваць за беларускія бюджэтныя грошы. У прыватнасці – транспартную інфраструктуру і прамысловыя павільёны, якія плануецца здаваць у арэнду. На гэтыя працы ўрад Беларусі бярэ крэдыты ў кітайскіх банкаў, з умоваю, што выконваць іх мусяць кітайскія генпадрадчыкі. Беларускія арганізацыі, якія выконваюць невялікую частку працаў, скардзяцца на, часта, няякасную працу партнёраў з Паднябеснай. На ўласныя вочы мы ўбачылі крыва пабудаваны каркас аднаго з прамысловых павільёнаў. З-за гэтага дэфекту беларускія падрадчыкі ўжо два тыдні не могуць працягваць абшыўкі будынку.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»