Аб'ектыў 20.06.2019 Княгіня і князёўна Сапегі наведалі Беларусь


Яны ганарацца сваім знакамітым продкам – канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегай. А яшчэ іх яднае сувязь з гістарычнай радзімай. Княгіня і князёўна Сапегі прыехалі ў Беларусь, каб пабываць у мясцінах, адкуль паходзіць іх славутыя род. Іх візіт у нашую краіну зарганізавала Генеалагічнае агенцтва Wenda, якое працавала з кабетамі.

Спадарыняў Марыю і Марыніку звычайнымі турысткамі не назавеш. Падарожжа ў Беларусь для іх – шанец даведацца больш пра свае карані. Кабеты належаць да слыннага роду Сапегаў.

Марыя Сапега, князёўна:

«Бацька быў тут упершыню ў дзевяноста восьмым годзе, а з таго часу мы не прыязджалі, бо нас засталося мала. Цешуся, што мы тут з маёй сястрой».

Сустрэцца ў Беларусі са сваёй стрыечнай швагеркай для Марыі сапраўднае шчасце. Бо сёння продкі Сапегаў жывуць па ўсім свеце. Жанчына і сама прыехала з далёкай Кеніі. Туды пасля Другой сусветнай з’ехаў ейны бацька Яўстах Сапега. А вось Марыін дзед – быў польскім дыпламатам.

«Мы з маймі сёстрамі выхоўваліся ў Афрыцы, але гаворым па-польску. І хаця мой бацька не размаўляў па-беларуску, нас выхоўвалі заўсёды ў такім духу, што мы паходзім з Беларусі. А таксама – з Вялікага Княства Літоўскага, княства Сапегаў», – распавядае князёўна Марыя Сапега.

Пані Марыніка – Сапега па мужу. Яна жыве ў Варшаве ды ўваходзіць у дзясятку найвядомейшых бізнесовак Польшчы: займаецца фармацэўтычным бізнесам і дабрачыннасцю. Княгіня Марыніка Варашыльска-Сапега:

«Што мяне больш за ўсё ўразіла ў Беларусі? Фантастычная прырода! Даўно не бачыла такой цудоўнай дзікай прыроды, як тут. Перадусім маю на ўвазе ваколіцы Наваградку. І гэтыя пагоркі навокал, і мясціны, прыгожы від з калыскі Літоўскага княства – усё гэта мяне захапіла. Разумею, чаму творцы гэта апісвалі, бо столькі эмоцыяў звязана з гэтым месцам».

Гісторык, кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук, што быў для жанчын гідам, адзначае: візіт Сапегаў у Беларусь – знакавая падзея не толькі для спадарыняў, але і для нас – шанец пабачыць нашчадкаў аднаго з самых значных родаў у гісторыі Беларусі:

«Калі паглядзець ад пачаткаў Сапежанскі род і да сённяшняга дня, ён мацней адчуваўся патрыётамі ВКЛ, і складаныя моманты нашай гісторыі яны хутчэй заставаліся на пазіцыях абароны ВКЛ і Рэчы Паспалітай».

Марыя і Марыніка праехалі па ўсёй Гарадзеншчыне, пабывалі ў Менску. Апошні ж пункт іхнага падарожжа – Ружаны, адкуль паходзіць радавая лінія Марыі, і дзе месціцца «беларускі Версаль» – адна з найбольш велічных рэзідэнцыяў Сапегаў у Беларусі.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары