Кітайскі каронавірус не перадаецца праз AliExpress


3

Колькасць хворых на новы кітайскі каронавірус расце штодня. На жаль, колькасць смерцяў таксама павялічваецца, але здарыўся і першы выпадак выздараўлення.

Кітайскія медыі паведамляюць пра больш як 800 хворых – болей на 200 захварэлых за дзень. Смяротных выпадкаў на момант рыхтавання матэрыялу налічвалася 26.

«Яшчэ зарана рабіць высновы, наколькі сур’ёзны вірус. Магчыма, мы прапускаем некаторыя лёгкія выпадкі, бо людзі папросту хварэюць і ніколі не будуць правераныя, і яны вылекуюцца. Мы можам бачыць лягчэйшыя выпадкі, калі назіранне павялічыцца. Таму праблема не столькі ў колькасці, якая, як мы ведаем, будзе расці», – пракаментаваў сітуацыю прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У Кітаі з сёння для барацьбы з вірусам задзейнічаюць вайсковых медыкаў. Ізалявалі 13 гарадоў краіны і закрылі самы папулярны ўчастак Вялікай Кітайскай сцяны – Бадалін. У Пекіне нават адмянілі святкаванні кітайскага Новага года 25 студзеня.

«Здароўе стаіць на першым месцы, бо, хоць эканоміка праз пэўны час можа аднавіцца, калі мы пакутуем на праблемы грамадскай аховы здароўя, наступствы могуць быць вельмі сур’ёзныя», – падзялілася Кэры Лам, кіраўніца Гон-Конгу.

Надзею на перамогу вірусу даў сённяшні выпадак у Шанхаі, калі ад пнеўманіі, выкліканай каронавірусам, вылекавалі першага пацыента. Супакойваюць і беларускія навукоўцы: вірус вылучаецца нізкаю вытрымаласцю па-за чалавечым целам і не трапіць у нашую краіну, да прыкладу, поштаю.

«У адрозненне ад тых жа вірусаў грыпу, ад іншых рэспіратарных вірусаў, захворванне, вірус перадаецца пры дастаткова цесных кантактах, напрыклад, у хатніх умовах», – кажа пра асаблівасці вірусу Ірына Глінская, намесніца галоўнага доктара па эпідэміялогіі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены.

У сваю чаргу Міністэрства аховы здароўя афіцыйна заявіла, што дзяўчына, якая вярнулася з Кітаю з падазрэннем на каронавірус, мае звычайны грып. Як і ейны хлопец, які лекуецца ў Расеі.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu