Аб'ектыў 29.05.2018 Кітайскі чай з беларускім варэннем. Што Менску трэба ад Пекіну


Першую партыю ялавічыны адправілі ў Кітай. Візіт намесніка старшыні КНР у Беларусь, які завяршыўся сёння, прынёс першыя вынікі – у будучым пастаўкі айчынных малочных прадуктаў і мяса ў гэтую краіну зробяцца рэгулярнымі. Што ўзамен атрымае Пекін?

Трохдзённы ваяж у Беларусь намесніка старшыні Кітайскай народнай рэспублікі стаўся для яго першым афіцыйным замежным падарожжам на гэтай пасадзе. Ён прыляцеў у Менск адразу ж пасля ўдзелу ў міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу.

«З сакавіцкага з’езду і ўвогуле са зменаў у палітыцы КПК гэтая пасада зрабілася куды больш істотная. Гэта пасада, якая зараз будзе фармаваць усю вонкавую палітыку Кітаю. Гэта паказвае, што ўсё ж для Кітаю беларускі кірунак істотны», – кажа адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Адразу ж на лётнішчы Ўана Ці Шаня сустракаў прэм’ер Андрэй Кабякоў. Пазней паміж чыноўнікамі адбыліся двухбаковыя перамовы ў пашыраным фармаце, падчас якіх абмяркоўваліся перспектывы эканамічнай супрацы. Сярод іншага, пастаўкі беларускай харчовай прадукцыі ў Кітай.

Варта адзначыць, што ўчора ў Кітай па чыгуначнай галіне гэтак званага «Шаўковага шляху» адправілася першая партыя беларускай ялавічыны. Далей плануецца пастаўляць малочную прадукцыі ды мяса птушкі.

«Дзеля абазначэння дыверсіфікацыі рынкаў мы пастаўляем дробныя партыі харчовай прадукцыі і ў Кітай, і ў Венесуэлу, і ў пэўныя краіны Блізкага Усходу, але рэальных грошай гэта не прыносіць, а хутчэй за ўсё нават прыносіць страты», – упэўнены эканамічны аглядальнік «Белстату» Станіслаў Івашкевіч.

Ўан Ці Шан сустрэўся з кіраўніком Беларусі і наведаў беларуска-кітайскі індустрыйны парк «Вялікі камень».

«Наўрад ці можна чакаць, што па выніках сустрэчы кіраўніка Беларусі з віцэ-прэзідэнтам Кітаю Лукашэнку ўдасца прапіхнуць нейкія выгадныя для Беларусі праекты, бо за ўсю гісторыю супрацы такога ні разу не было. Што хутчэй за ўсё адбудзецца – гэта зноў за які-небудзь звязаны кітайскі крэдыт у Беларусь прыйдзе чарговая кітайская кампанія, каб ажыццявіць праект сумнеўнай патрэбнасці», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

У той жа момант эксперты падкрэсліваюць вялікую важнасць міжасабовых стасункаў для развіцця палітычнай супрацы. Таму беларускаму боку варта звяртаць увагу на персанальныя якасці Ўана Ці Шаня – гісторыка паводле адукацыі ды антыкрызіснага менеджара ва ўрадзе Кітаю.

«Калі ты жадаеш наладзіць асабістыя кантакты і атрымаць з гэтага нейкія прэферэнцыі і бонусы, ты мусіш быць цікавым чалавеку. І калі ты гісторыку і філосафу з добрым пачуццём гумару прапаноўваеш дранікі ды чай з сочывам, то можа філосаф і гісторык чакаў бы іншага», – дадае Яўген Красулін.

Зрэшты, як сцвярджаюць адмыслоўцы, беларуска-кітайскія стасункі ўсё ж маюць пэўныя перспектывы, асабліва ў вайсковай галіне. Толькі дзеля таго, каб імі скарыстацца, адной лаяльнай рыторыкі ды гучных абяцанняў з беларускага боку недастаткова.

Зміцер Міцкевіч; фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі

Глядзі таксама
Каментары