Кіраўніцай ураду БНР магла стаць жанчына


Хоць шмат якія жанчыны ахвяравалі сябе дзеля беларускай справы ў час, калі стваралася Беларуская Народная Рэспубліка, ім не было месца ў палітыцы. Тым не менш яны побач з мужчынамі, заснавальнікамі БНР, змагаліся за ўзнікненне першай нацыянальнай дзяржавы.

Алесь Кіркевіч, журналіст, літаратар, распавядае:

«Вельмі часта гэтыя жанчыны выконвалі мужчынскія функцыі – як у выведцы, як у культурніцкай працы. Безумоўна, рызыкуючы сваім жыццём. І потым панеслі крыж свой пасля гэтага».

Палута Бадунова, Паўліна Мядзёлка, Вера Маслоўская ці Зоська Верас – гэтыя імёны згадваюцца ў даследаваннях не так часта, як імёны мужчынаў, датычных да ўзнікнення і кіравання БНР. Наведніца курсаў Мова Нанова ў Горадні расказвае:

«У школе гэтага не праходзяць, я вучылася ў савецкай школе. Можа калі-нікалі я толькі прозвішча чула. І ўсё».

Эмілія Комар, вядоўца Мова Нанова ў Горадні, кажа:

«Яны калі не забытыя, то, мне здаецца, згадваюцца ўсё ж не так часта. А дарма – яны былі і былі выбітнымі».

Доказам гэтага, як мяркуюць даследнікі біяграфіяў беларускіх дзяячак, – варыянт, які прадугледжваў, што кіраўніцай ураду БНР стане жанчына.

«Хіба Палута Бадунова магла стаць, таму што гэта была найбольш энергічная асоба, найбольш напорыстая асоба. Асоба, якой баяліся і мужчыны ў тым ліку», – кажа Алесь Кіркевіч, журналіст, літаратар.

Хоць звестак пра барацьбітак за нацыянальную ідэю хапае, дагэтуль важна казаць пра іх і знаёміць з беларускай гісторыяй як мага больш людзей. Алесь Кіркевіч тлумачыць:

«Каб здымаліся нейкія ролікі, каб здымаліся фільмы, пісаліся мастацкія творы. І каб мы ведалі і пра БНР, і пра ролю жанчын у гэтым феномене БНР».

Ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі жанчыны неслі яшчэ доўгі час пасля падзеяў першай паловы мінулага стагоддзя. За што і шмат адпакутавалі – Ларыса Геніюш адседзела ў лагеры 25 гадоў і да канца жыцця не прыняла савецкага грамадзянства.

Ганна Мордань, belsat.eu