Аб'ектыў 23.05.2019 Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта папрасіла прабачэння ў ромаў, МУС – і не збіраецца


Узброеныя людзі ў масках уломваліся ў дамы, пагражалі дзецям пісталетамі, затрымалі сотні грамадзянаў з прычыны іхнай нацыянальнасці – так выглядалі міліцэйскія рэйды пасля смерці інспектара ДАІ ў Магілёве. Спецназ шукаў «цыганоў-забойцаў» на чорнай «Волзе», а цяпер, калі Следчы камітэт адкінуў гэтую версію, перад ромскаю дыяспараю просяць прабачэння магілёўскія чыноўнікі ды кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі.

А вось міністр унутраных справаў не бачыць нічога кепскага ў дзеяннях падначаленых.

За некалькі гадзінаў да смерці, 16 траўня, малады інспектар ДАІ Яўген Патаповіч, меркавана, сеў у чорную Волгу. У будынку насупраць гэтага месца з дэлегацыяй чыноўнікаў сустрэліся ўскосныя ахвяры гэтага здарэння – цыганы, якіх першымі падазравалі ў забойстве маладзёна.

«Нам не патрэбныя ніякія прабачэнні, мы просім абароны, каб жыць у ціхай свабоднай краіне як жылі дагэтуль. Больш нам нічога не трэба. Яны нам гэта паабяцалі».

«Прасілі яны ў нас прабачэння, і сказалі будуць разбірацца», – кажуць магілёўскія ромы.

Кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава, улады Магілёўшчыны, Леанід Заяц і Уладзімір Цумараў занялі свае месцы на спатканні, а таблічкі прадстаўнікоў МУС давялося прыбраць. Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч за сябе выказаўся зранку:

«У міністра няма ані прычыны, ані падставаў прасіць прабачэнняў у… цыганоў. Зразумела?»

Зразумела, што няўтульна браць на сябе адказнасць за здзекі, праз якія прайшлі звыш 100 ромаў увечары і ўначы пасля выяўлення ў лесапаласе цела Яўгена Патаповіча. Учора нам сведчылі:

«Яны не былі карэктнымі, шануючымі. Я адчувала сябе прыніжанай, зняважанай. Я жыву ў прававой дзяржаве, і як такія рэчы ўвогуле могуць адбывацца?»

«Заляцелі, з матамі, нагамі па дзецях, з ложкаў іх паскідвалі, пісталеты да галоваў прыклалі і загадалі «маўчаць усім».

Прычынаю ператрусаў і масавых затрыманняў сталася паведамленне, якое атрымалі на «Вайбер» калегі загінулага: «Срочно. Черная «Волга». Три цыгана. Регистрационный знак – русский». Адпрацаваць патрэбна кожную версію, але пытанне – якім чынам гэта рабіць?

«Галоўная прэтэнзія, на мой погляд, не ў тым, што праводзіліся такія маштабныя мерапрыемствы, а ў тым, як яны праводзіліся. Калі гэтыя аператыўна-вышукавыя мерапрыемствы былі больш падобныя на карную аперацыю, то ёсць пытанне да міністра ўнутраных справаў», – кажа былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў.

Ацэнку гэтым дзеянням мае даць пракуратура. Бо ромы публічна высунулі свае прэтэнзіі да сілавікоў. Міністр Шуневіч апроч гэтай ацэнкі абяцаў журналістам іншую – доказы, згодна з якімі следчыя адмялі версію «забойства» Яўгена Патаповіча і абвесцілі адзінаю суіцыд.

«Спачатку была адна версія, мы яе праверылі, абверглі, устанавілі ісціну па справе» – задаволена кажа Ігар Шуневіч.

Але ягонымі следчымі і ім асабіста не задаволеная грамадскасць і экспертнае асяроддзе. Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў вяртаецца ў дзень пахавання маладзёна, калі версія забойства яшчэ разглядалася:

«Калі вы лічыце, што гэта забойства, і міліцыянт загінуў на баявым пасту, першае, што мае зрабіць міністр, – патрэбным чынам адрэагаваць. Атрымалася, што адрэагавалі толькі затрыманнямі цыганоў, а што датычыць блізкіх – неяк міністр Шуневіч прапусціў».

Шматлікія алагізмы, бачныя простым грамадзянам, і адсутнасць тлумачэнняў ствараюць урадлівую глебу для абвінавачанняў і падазрэнняў. Жыхары Магілёву кажуць:

«Мне здаецца, вінаватыя проста адкупіліся, такое маё меркаванне. Таму што вельмі шмат пра гэта казалі, шмат бачылі відавочцы, а потым навіна пра суіцыд – гэта нейкі смех».

«Мне пашчасціла некалі прысутнічаць пры затрыманні, і адсюль выснова, што яны з усімі так агрэсіўна абыходзяцца. Тое, што ў гэтым выпадку справа датычыла цыганоў, не пры чым».

У надзвычай медыйных справах адказы заўжды намагаюцца даць як мага хутчэй. Але ступень даверу да іх не заўжды высокая.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары