Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў: ладзіць рэферэндум пра адмену смяротнага пакарання зарана


Было 80 адсоткаў, стала 60. Без рэферэндуму ўлады ведаюць, колькі беларусаў супраць адмены смяротнага пакарання. Падчас сустрэчы з амбасадаркай Аўстрыі ў Беларусі кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што праводзіць рэферэндум пра адмену смяротнага пакарання яшчэ рана. Чаму?

Два – летась, чатыры – пазалетась і ўжо тры – сёлета. Штогод беларускія суды агучваюць некалькі смяротных прысудаў. Грамадскасць пра гэтую частку дзейнасці пенітэнцыярнай сістэмы ведае няшмат:

«Адкуль я ведаю, я ж не бяру ўдзелу!»

«На электрычным крэсле, хутчэй за ўсё…»

«Я думаю, з пісталета, але не электрычнае крэсла адназначна».

«Кажуць, што на Валадарцы ўначы падыходзіць палкоўнік і ў лоб страляе», – выказваюць меркаванні жыхары Менску.

Прысуд прыводзяць у выкананне праз расстрэл, целы пакараных не выдаюць родным, а хаваюць употай, лічбу пакараных грамадскасці не паведамляюць. Менавіта нязгодаю беларусаў, выказанаю праз рэферэндум, тлумачаць чыноўнікі тое, што смяротная кара ў Беларусі дагэтуль не скасаваная.

«Мы не можам прыняць нейкі закон ці ўказ, тым самым скасаваўшы смяротнае пакаранне, не параіўшыся з людзьмі», – лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

Праваабаронцы пацвярджаюць, што колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання вагаецца каля 60 адсоткаў, але толькі палова з гэтых людзей выказваецца катэгарычна, дый лік можа змяняцца.

«У гісторыі нашай краіны мы ведаем выпадак, калі амаль цягам 4-5 месяцаў большасць была тых, хто выступае супраць смяротнага пакарання пры апытаннях. Гэта было пасля суда па выбуху ў менскім метро, калі грамадства не паверыла вынікам гэтага суда», – распавядае каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

Адказ на пытанне пра адмену смяротнага пакарання ляжыць у эмацыйнай сферы, таму яго не варта развязваць праз рэферэндум, лічыць праваабаронца.

Сур’ёзны сігнал ад уладаў пра тое, што стаўленне Беларусі да праблемы можа змяніцца, прагучаў падчас жнівеньскай канферэнцыі ў Менску з удзелам прадстаўнікоў Еўразвязу, дзяржаўных органаў і грамадскай супольнасці.

«Пакуль гаворка ідзе пра выпрацоўванне з уладамі Беларусі супольнай дарожнай мапы для адмены смяротнага пакарання», – заяўляла прадстаўніца Гендырэктарату правоў чалавека і захавання законнасці Рады Еўропы Тат’яна Тэрмачыч.

Богдан Здраеўскі, былы кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе кантактаў з Беларуссю, у інтэрвʼю нашаму тэлеканалу адзначыў, што Еўропа адчувае з боку Беларусі сігналы прымання еўрапейскіх каштоўнасцяў:

«Нам давалі зразумець, што магчымасць змены гэтага рашэння ляжыць у кампетэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, і што, можа, не сёння, але ўжо неўзабаве гэтае пытанне, праўдападобна, вынесуць на парадак дня. Без прывязкі да нейкае канкрэтнае даты».

Але менш за тыдзень таму Берасцейскі абласны суд агучыў чарговы смяротны прысуд. Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі «Вясна-96» смяротным пакараннем могуць скончыцца яшчэ два судовыя працэсы – у Віцебску і Менску.

Ірына Дарафейчук belsat.eu