Кім быў Алесь Ліпай? Памяці атланта беларускай журналістыкі


Журналісты Беларусі і суседніх краінаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ды агулам суайчыннікі выказваюць спачуванні сваякам і калегам Алеся Ліпая, стваральніка БелаПАН. Ягонае жыццё нечакана абарвалася напярэдадні. «Белсат» далучаецца да спачуванняў. Якім запомнілі Алеся Ліпая калегі і сябры?

Ён не імкнуўся быць папулярным і пазнавальным, але стаяў за мноствам важных справаў, зробленых для Беларусі. Алесь Ліпай – адзін з атлантаў беларускай журналістыкі. Ён ствараў незалежныя медыі, і на ім таксама яны трымаліся. Падтрымліваў іншыя нацыянальныя праекты. Менавіта БелаПАН Алеся Ліпая стаўся генеральным партнёрам «Свята Незалежнасці», прымеркаванага да 100-х угодкаў абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі.

Алесь Ліпай у Дзень Волі-2018: «Нішто не марна. Якімі б цяжкімі не здаваліся мэты, трэба паднімацца ды ісці да іх. Трэба проста рабіць сваю справу».

Заснавальнік і кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, выбітны журналіст і смелы арганізатар, Ліпай любіў і ўмеў працаваць. Расказвае Святлана Калінкіна, «Беларускі Партызан»:

«Гэта і незалежнае інфармацыйнае агенцтва, і сайт, і ён хацеў стварыць радыёстанцыю, але яму не далі частотаў. Ён ствараў часопіс «Отдыхай», і толькі праз 20 гадоў астатнія журналісты датумкалі, што ў гэтым ёсць перспектыва, што гэта цікавае людзям».

Нараджэнец Копыльшчыны, Алесь Ліпай яшчэ ў савецкі час падчас вучобы на журфаку БДУ займаўся самвыдатам насуперак пераследу з боку адміністрацыі ВНУ. А ў 1991-ым адчуў патрэбу людзей у незалежных медыях. Успамінае Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё «Свабода», сузаснавальнік БелаПАН:

«Мы некалькі тыдняў перабіралі розныя назвы, звязаныя з прэсаю. І ў адзін з дзён ён кажа: я прыдумаў, БелаПАН – Беларуская Прыватнае Агенцтва Навінаў. І я быў у захапленні, наколькі гэта ўдалая, яркая і сэнсоўная назва».

Паводле ўспамінаў паплечнікаў, Алесь Ліпай заўжды думаў стратэгічна, бачыў наперад, верыў і ведаў, што БелаПАН пройдзе праз цяжкасці ды расквітнее. Так і адбылося.

Алесь Ліпай (2008 год): «Можна казаць не толькі «чытайце БелаПАН», але і «глядзіце БелаПАН». Там праўда пра падзеі ў Беларусі, і не пабаюся гэтага слова, голая праўда».

І вось – смерць у 52 гады пасля цяжкай хваробы. Літаральна праз тыдзень пасля сустрэчы, зладжанай у падтрымку журналістаў БелаПАН, парталу «Тут.бай» ды іншых выданняў, што трапілі пад арышты, вобшукі і канфіскацыі ў так званай «справе БелТА».

«Алесь быў звычайным Алесем Ліпаем, якім мы яго помнім і любім. Быў вельмі жыццярадасны, падтрымліваў калегаў, чытаў вершы» – расказвае Андрэй Аляксандраў, медыяэксперт, сябар Алеся Ліпая.

У чэрвені кіраўнік БелаПАН сам трапіў пад крымінальную справу аб нібыта ўхіленні ад сплаты падаткаў. Пасля шматгадзіннага вобшуку ў кватэры Ліпая доўга трымалі на допыце ў Камітэце дзяржкантролю, прымусілі падпісаць прызнанне.

«Спецслужбы, праслухоўваючы ўсіх нас, тэлефонныя размовы, добра ведалі, што Алесь хварэе. І выбраць такі час, каб нанесці ўдар, завесці крымінальную справу… Чалавек прайшоў праз вобшукі, праз арышты сваіх калегаў. Вядома, на маю думку, гэта было не па-людску і невыпадкова» – каментуе Святлана Калінкіна, «Беларускі Партызан».

Дзмітрый Наважылаў, выканальнік абавязкаў дырэктара БелаПАН:

«Мы мусім добра выконваць сваю працу, і гэта будзе найлепшаю памяццю пра яго».

А яшчэ Алесь Ліпай быў паэтам і пакінуў для ўсіх нас зборнікі ўзнёслых вершаў.

Алесь Ліпай (Дзень Волі-2018):

«На парозе новага стагоддзя… толькі Беларусь у нас адна».

Развітацца з Алесем Ліпаем можна будзе заўтра ўвечары ў менскай царкве святога Міхаіла. Пахаванне адбудзецца ў нядзелю ў Рудзенску.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фотаздымак Сяргея Балая