Аб'ектыў 09.12.2016 «Кавалак мяса з Беларусі ў яго засядае»: Лукашэнка крытыкуе кіраўніка «Рассельгаснагляду»


 Аплююць, абылгуць і абгадзяць – такімі вострымі словамі Аляксандра Лукашэнка выказаў стаўленне да кіраўніка «Рассельгаснагляду», які перыядычна забараняе імпарт беларускіх тавараў на быццам саюзны рынак – у Расею. Такая заява прагучала на адмысловай нарадзе, прысвечанай развіццю Еўразійскага эканамічнага саюзу.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Залучыць усіх адмыслоўцаў. У тым ліку, тых, хто мысліць апазіцыйна, давесці да іх гэтыя палажэнні».

Гэткае беспрэцэдэнтна дэмакратычнае ў сваёй форме заданне Лукашэнка на сённяшняй нарадзе даў ураду пра праект Мытнага кодэксу Еўразійскага саюзу. Што праўда, як патлумачылі нам удзельнікі перамоваў, заклік гэты – галаслоўны. Бо да запланаванага ўхвалення Мытнага кодэксу кіраўнікамі краінаў ЕАЭС засталося ўсяго два тыдні.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:

«Гэта – страляніна па верабʼях, якія ўляцелі. Ня трэба было пасылаць адных урадоўцаў на перамовы».

Намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі мытных прадстаўнікоў апошнія два гады рэпрэзентоўваў беларускі бізнес у экспертнай групе ў Маскве. Сабалеўскі кажа, што новы кодэкс прынясе пэўную палёгку для гандлю.

ВІТАЛЬ САБАЛЕЎСКІ:

«Змяншэнне тэрміну мытнага афармлення. У старым кодэксе гэта было двое сутак. У новым кодэксе – да чатырох гадзін».

Апрача таго, Беларусь атрымала нечаканую паблажку: захавала свае Свабодныя эканамічныя зоны, якім, як чакалася, жыць заставалася толькі да канца 2017-га.

ВІТАЛЬ САБАЛЕЎСКІ:

«Мы адстаялі свае інтарэсы. Тобок, усе зоны, якія былі створаныя на 1 студзеня 2016 застаюцца ў рамках тых інтарэсаў, у якіх існуюць».

Але, як прызнаў сёння Аляксандр Лукашэнка, узамен Менск быў вымушаны пайсці на саступкі ў справе імпартных мытаў. Навошта нам такі саюз? Гэтая рэакцыя Лукашэнкі на спавешчанне Міністэрства фінансаў аб зменах ва ўвазных мытах засталася па-за абʼектывамі прысутных на сустрэчы афіцыйных медыяў.

ЛЕАНІД ЗАІКА:

«Расейцы там сввае інтарэсы прапісалі. А беларусы – прафукалі. Цяпер што там будзе – ну толькі крыкі».

Апрача іншага, Менску не ўдалося дамагчыся ўлучэння ў Мытны кодэкс прынцыповых для нашай краіны тэрмінаў: рэзідэнт Мытнага саюзу і тавар Мытнага саюзу. Прыняцце гэтых палажэнняў мела зліквідаваць нацыянальны пратэкцыянізм, які чальцы Еўразійскага саюзу ўжываюць адзін супраць другога. Нараканні кіраўніка краіны выклікала і тое, як у ЕАЭС выконваюцца прынятыя пагадненні.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Нават калі будзе ўсё нармальна. Такія дзеячы, як Данкверт і іншыя аплююць, абылгуць і абгадзяць. Як гэта было нядаўна».

Увоз у Расею харчоў з Беларусі – не адзіная праблема, якая застаецца неразвязаная для Менску. Дагэтуль не ўрэгуляваны канфлікт з Масквой аб цане на газ і абʼёмах імпарту расейскай нафты на айчынныя НПЗ. А планаваная падатковая рэформа ў Расеі, знаная як нафтавы манеўр, пагражае, практычна, зліквідаваць нафтавыя прэферэнцыі для нашай краіны.

Адна з няўдач беларускіх уладаў на перамоўным фронце можа, аднак, стаць добрай навіной для шараговых беларусаў. Афіцыйны Менск дамагаўся, каб у рамках Мытнага кодэксу для фізічных асобаў былі ўведзеныя абмежаванні на колькасць тавараў, якія яны могуць бязмытна прывозіць з-за мяжы. Але ў выніковы дакумент гэтае палажэнне не патрапіла.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары