Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова 50 дзён за кратамі

15 лістапада, стрым з разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. За кадрам нашыя калегі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Пасля гэтага стрыму журналістак затрымаюць і выставяць ім абвінавачванне ў межах крымінальнай справы за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, за што пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

«Яны папросту рабілі сваю працу. Яны нават не парушалі Адміністратыўны кодэкс, бо паводле Закону аб СМІ журналісты маюць права знаходзіцца на месцы падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю. Іншая справа, што ў рэаліях сённяшняй Беларусі абсалютна верагодны жорсткі прысуд», – лічыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Сёння прайшло пяцьдзясят дзён з моманту іхнага арышту. У лістах Каця піша, што трымаецца бадзёра. Пра тое, як гэта можа перажыць 23-гадовая Даша, распавёў аператар Міхаіл Аршынскі, які працаваў з журналісткаю:

«Даша, канешне, моцны чалавек. Я вельмі хачу, каб яна вытрывала гэта ўсё і выйшла больш моцная. Я не ведаю дакладных умоваў утрымання, таму дакладна не магу сказаць. Але спадзяюся, што ўсё будзе добра».

Раней Следчы камітэт Беларусі адмовіў у хадайніцтве аб вызваленні Дарʼі Чульцовай пад даручальніцтва. Следчыя палічылі звароты неабгрунтаванымі, а таксама асцерагаліся, што журналістка паспрабуе збегчы. Адмовілі і ў вызваленні Кацярыны.

«Нам усім вельмі цяжка, і з кожным днём разлука гэтая пераносіцца ўсё больш цяжка. Я думаю, што таксама і Каці лягчэй не становіцца, але мы разумеем, што трэба трымацца, што мы павінныя ўсё гэта перажыць, перамагчы. А самае галоўнае, што мы верым у тое, што мы сапраўды пераможам», – падзяліўся муж Кацярыны Ігар Ільяш.

З прычыны магчымых уцёкаў Каці ад следства Ігару адмовілі і ў спатканні з ёй.

«Я ж у сваім хадайніцтве не прасіў ёй змяніць меру стрымання ці адпусціць з вязніцы. Наадварот, я фактычна прасіў, каб мяне пусцілі ў вязніцу да яе. Таму гэта папросту яшчэ раз сведчыць, што рэпрэсіі набылі такі масавы характар, што гэтыя следчыя папросту са справы ў справу, з паперкі ў паперку робяць «копі-паст», – абураецца Ігар.

Інфармацыйна падтрымліваюць нашых калегаў выданні з усяго свету: «Тimes», «Meduzа», «Rzeczpospolita», «Дождь». Расейская служба BBC зрабіла пра Кацярыну Андрэеву вялікі сюжэт. Таксама журналістак падтрымалі расейскія тэлевядоўцы Познер, Сабчак і Сванідзэ.

Падтрымка ідзе і ад жыхароў Віцебску:

«Увесь беларускі народ за іх. Ну а іх блізкім цярпення і спадзявацца ўсё ж такі, што ў нас будзе справядлівасць».

«Трымацца. Што застаецца ў такой сітуацыі?»

«Хай трымаюцца. Я думаю, справядлівасць пераможа».

«Поспехаў, правасуддзя правільнага».

Падтрымаць журналістак вы можаце інфармацыйна ў сваіх сацсетках, а таксама дасылаючы лісты ў жодзінскі ізалятар. У няволі, у ізалятары на Валадарскага застаецца і журналістка Кацярына Барысевіч, таксама абвінавачаная паводле крымінальнага артыкулу. Каб дзяўчаты маглі вам адказаць, укладвайце ў лісты пустыя канверты.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Глядзі таксама