Катаванні расследуе АБСЕ

Расследаваць фальсіфікацыю выбараў, разгон мітынгаў і гвалт сілавікоў у Беларусі збіраецца экспертная місія Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Якім вынік расследавання можа паўплываць на сітуацыю ў краіне.

За тое, каб адправіць у Беларусь групу экспертаў-назіральнікаў, прагаласавалі 17 краінаў АБСЕ, сярод якіх Бельгія, Францыя, ЗША, краіны Балтыі ды Польшча.

«Гэта аўтарытэтныя эксперты ў сферы міжнароднага права, правоў чалавека, якія створаць вялікі даклад з канкрэтнымі фактамі, часам, падзеямі», – распавядае эксперт «EAST Center».

Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе ўзнікла ў самае супрацьстаянне паміж СССР і Захадам, каб перадухіліць узброены канфлікт. Маскоўскі механізм – гэта працэдура правярання сітуацыі з правамі чалавека, якую зацвердзілі на схіле халоднае вайны.

«Ён можа запускацца з ініцыятывы краіны-ўдзельніцы, а таксама без згоды краіны-ўдзельніцы ў пэўных выпадках. У дадзеным выпадку ён запушчаны без згоды на патрабаванне не менш як 10 краінаў-удзельніц АБСЕ», – тлумачыць праваабаронца Павел Сапелка.

За трыццаць гадоў гэты механізм ініцыявалі ўсяго дзевяць разоў, між іншым, падчас войнаў у былой Югаславіі. Беларусь – адзіная краіна, дзе абарону правоў чалавека АБСЕ правярае другі раз.

«У 2011 годзе старшыня місіі АБСЕ не атрымаў дазволу на ўезд у Беларусь, але тым не менш ён зрабіў даклад, які ўлічылі іншыя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ААН. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў стварыла пасаду спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на наступны год», – нагадвае Андрэй Елісееў.

Разгон маніфестацыяў, крымінальныя справы супраць грамадскіх актывістаў і катаванні затрыманых зрабіліся галоўнымі тэмамі выступу адмысловай спавяшчальніцы аб Беларусі на надзвычайным паседжанні Камітэту правоў чалавека ААН.

«Місія АБСЕ ня будзе дубляваць функцыяў ААН. Яна дасць праблеме большы міжнародны розгалас. Больш за тое, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы таксама стварыла працоўную групу для расследавання злачынстваў, якія мелі месца ў Беларусі. Разам мы маем больш шанцаў абараніць ахвяраў катаванняў», – перакананая Спецдакладчыца ААН аб Беларусі Анаіс Марэн. Ці ўхваляюць высыланне экспертаў звонку беларусы?

«У сувязі з тымі падзеямі, якія адбываюцца, канечне, трэба!»

«Калі парушаюцца правы чалавека, то гэта заўсёды трэба расследаваць».

«Я б яе сюды ўвогуле не пусціў бы!»

«Я лічу, што нам такая камісія неабходная, каб знайсці агульную мову ў краіне, пачаць дыялог», – кажуць Жыхары Горадні.

На думку Андрэя Елісеева, калі камісія АБСЕ прызнае катаванні і забойствы ў Беларусі злачынствамі супраць чалавечнасці, то даклад станецца падставаю для міжнароднага крымінальнага разбору.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама