Аб'ектыў 17.07.2019 «Кароўе пекла» пад Жлобінам. «Белсат» правёў расследаванне


Жахлівыя фота і відэа загінулых у гнаі кароў на прадпрыемстве «Стрэшынскі» на Жлобіншчыне з’явіліся на канале «Нехта» і абляцелі інтэрнэт. На ферме пачаліся правяранні, а кіраўніцтва намагалася зняпраўдзіць праблему ў дзяржаўных медыях. Як сітуацыя выглядае насамрэч – даведаўся «Белсат».

Калі інфармацыя аб жахлівым стане Стрэшынскага прадпрыемства пачала распаўсюджвацца, з нашымі калегамі выйшаў на сувязь старшыня мясцовага сельсавету. Абвінаваціў медыі ды тэлеграм-каналы ў хлусні, маўляў, відэа знятыя на іншай гаспадарцы, а ў іх усё добра. Амаль.

«Ну як парадак. Усё роўна нешта ёсць. З капытамі кароў шмат хворых. Ну не багата, але ёсць. Бо лекар піў, спадзяваліся на лекара, а яна трошкі ў запой пайшла. Яе выгналі, але ж гэта трэба штодзень лекаваць», – кажа ён.

Старшыня сельсавету фаталістычна ўдакладніў: запойныя ветэрынары – з’ява агульнарэспубліканскага ўзроўню, а не менавіта іхнай гаспадаркі. У астатнім на іх прадпрыемстве ўсё добра. Ці гэта так, мы спраўдзілі на месцы.

Месца з відэа, апублікаванага на канале Нехты, мы знайшлі акурат у нізіне пад фермаю. Нядаўна тут працавалі правяральнікі з міліцыі – з месцаў раскопаў тырчаць косткі, у паветры жудасны смурод.

«Учора а дванаццатай – адзінаццатай міліцыя прыехала – тут ужо быў трактар з дыскамі. Ужо дыскаваў. Яны яго спынілі. Ну, і пах адпаведны. Яны ўпэўніліся. Так – усё дакладна. Казалі, што так», – распавядае былы працаўнік фермы Віталь Грыцкоў.

Але чаму загінулых кароваў закопваюць не ў адмыслова адведзеных месцах? Навошта такая канспірацыя? Нам распавёў Ігар Багданаў, раней ён таксама працаваў на ферме:

«Паводле інструкцыі, не належыць паказваць падзеж як такі. Таму гэта ўціхую хавалася. Каб ніхто нічога не ведаў. А паперка – на яе можна напісаць як хочаш, яна нічога не скажа».

Тыя паперкі – спадчына савецкай планавай сістэмы. Эканаміст Пётр Мігурскі кажа:

«У гэтым выпадку ёсць дапушчальная мяжа для прырэзкі быдла. Яна невялікая – некалькі адсоткаў. Да 5 адсоткаў. Гэта лічыцца нормаю адходу быдла. На Захадзе, напрыклад, норма адыходу быдла да 30 адсоткаў. У нас чамусьці робіцца ўпор на тое, што кожнага парсючка трэба захаваць. Як толькі сутыкаемся з дзяржаўнымі патрабаваннямі ды вялікаю канцэнтрацыяй быдла, мы атрымліваем такі вынік».

За выкананне гэтых дзяржаўных патрабаванняў на прадпрыемстве «Стрэшынскі» адказвала дырэктарка Вольга Камай. Кажуць, адносіны ў яе не складаюцца не толькі з жывёлай, але і з працаўнікамі фермаў. Калі першых яна морыць голадам і антысанітарыяй, то апошнім пагражае сваймі сувязямі. Распавядаюць жыхары паселішча Стрэшын:

«Яна казала: я цябе звольню паводле артыкулу, і цябе ў вобласці ніхто не возьме. У мяне такія сувязі! Я ўсім скажу, каб цябе не бралі».

«Такая дзелавая, а з працаўнікамі працаваць не можа. Яна не можа па-чалавечы падысці і пагутарыць – адразу крык, гага, туды-сюды».

«На вуліцу выцягнем, а потым яны закідаюць гэтых цялятаў, пагружаюць. Вывозілі ў лес і закопвалі іх. Гэта неаднаразовы было».

«Усе баяцца. Ведаеце, усе баяцца. Мы вось гаворым, і я баюся – прыйдзе мо заўтра выселіць да чэрцяў».

Тым часам прадпрыемства «Стрэшынскі» – другое ў Жлобінскім раёне, дзе ўсяго за два апошнія тыдні выявілі падзеж быдла. Раней памерлых ад голаду кароваў знайшлі ў вёсцы Дабрагошча, на прадпрыемстве «Мормаль».

Ян Вярбіцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары