Каронавірусны ўдар па эканоміцы: ці выстаіць Беларусь?

Два рублі 63 капейкі за долар і два рублі 83 капейкі за еўра паводле курсу Нацыянальнага банку. Нацыянальная валюта зноў патаннела да замежнай на гандляваннях беларускай валютна-фондавай біржы. З пачатку ж года кошт долара вырас больш як на 20 адсоткаў.

«Усе прыкметы фінансавага і эканамічнага крызісу толькі нарастаюць. І адсюль падзенне фінансавых рынкаў ува ўсім свеце. І адсюль нястрымны попыт на амерыканскі долар», – кажа фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў.

Як кожны з нас на ўласным гаманцы, зазнае наступствы дэвальвацыі прамысловы сектар краіны. На сёння значная частка пазыкаў дзяржаўных прадпрыемстваў прывязаная да замежнай валюты. Станам на сёння гэта больш за 130 мільярдаў рублёў. Не нашмат больш за ўвесь леташні валавы прадукт Беларусі.

«Улічваючы абмежаванасць рэсурсаў, найбольш аптымальным спосабам падтрымання маглі б стаць бюджэтныя спосабы падтрымання. То бок гэта – зніжэнне падаткаў, магчыма – іх адтэрміноўка, магчыма – нейкія падатковыя канікулы, аднак, толькі тым прадпрыемствам, якія напэўна з часам змогуць аднавіцца і гэта кампенсаваць», – мяркуе старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Менавіта аб прапрацоўках такіх захадаў цяпер паведамілі ўлады. Аднак зніжэнне прыбыткаў можа закрануць і айчынныя флагманы. Дапрыкладу, БелАЗ. Асноўны экспарцёр руды ў свеце – Кітай – скараціў пастаўкі, адпаведна – зменшацца аб‘ёмы здабычы ды попыт на беларускія самазвалы. Агульнае скарачэнне аб’ёмаў экспарту ў першым квартале сёлета чакаюцца таксама праз праблемы з дамоўленасцямі.

«У нас адсутнічалі… нафтавыя кантракты з Расейскай Федэрацыяй, адсутнічалі паўнавартасныя кантракты ў аднаго нашага буйнога пастаўляльніка валюты на ўнутраны рынак – у «Белкалію». Ну вось на мінулым тыдні, у суботу, было абʼяўлена, што Беларусь і РФ урэгулявалі ўсе пытанні», – кажа фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў.

Абмежаванні зазнала сфера турызму і, не зважаючы на адсутнасць забароны на перамяшчэнне тавараў, лагістыкі. Выйграе часова сфера гандлю харчамі.

«Тыя, хто прадае харчы доўгага захоўвання, грэчку ці тушонку, адзначаюць, што ў іх смятаюць з паліцаў. Хтосьці, наадварот, выйграе ад сітуацыі, бо людзі імкнуцца патраціць грошы ў сувязі з падзеннем беларускага рубля і ў сувязі з панікаю, з каранцінам», – адзначае старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

Ад інтэрвенцыі, дзеля стрымання курсу долара і еўра, Нацыянальны банк сёння ўстрымліваецца. Як зазначаў рэгулятар напярэдадні, у доўгатэрміновай перспектыве гэткія захады пагражаюць, цытата, «вымыванню рэзерваў краіны». А таму ваганні курсу валюты будзем назіраць пры любых сурʼёзных зменах на сусветных валютных рынках.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота: Sergei Karpukhin / TASS / Forum

Глядзі таксама