Каронавірус у свеце: галоўнае


Улады Кітаю рапартуюць пра перамогу над каронавірусам у горадзе Ўу-Хань, адкуль пайшла пандэмія – дэманструюць адчыненыя гандлёвыя цэнтры, рэстараны ды бары. У астатнім свеце справы толькі пагаршаюцца. Гэтак у Злучаных Штатах тэсты на Ковід-19 далі пазітыўны вынік больш чым для 140 тысячаў чалавек.

Мільёны заражаных і ад ста да двухсот тысяч памерлых ад каронавіруса ў ЗША – такі прагноз агучвае галоўны інфекцыйны доктар Злучаных Штатаў у інтэрвʼю тэлеканалу СNN. Ды дадае, што ўжо праз тыдзень у некаторых рэгіёнах краіны можа не ставаць месцаў у шпіталях і апаратаў вентыляцыі лёгкіх. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп яшчэ раней абвесціў: добры паказнік, калі ахвяраў вірусу будзе меней за дзвесце тысячаў.

«У нас ёсць праблема назапашвання. У нас ёсць некаторыя шпіталі, бальнічныя сеткі, у іх ёсць адмысловае абсталяванне, у тым ліку апараты вентыляцыі лёгкіх. Мы павінны вызваліць гэтыя вентылятары, асабліва са шпіталяў, якія іх ніколі не выкарыстоўваюць», – кажа Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША.

Колькасць новых выяўленых выпадкаў інфікавання каронавірусам у Злучаных Штатах бʼе антырэкорды. Чатыры апошнія дні там рэгіструюць па 20 тысячаў хворых за содні. Агулам на раніцу панядзелка – больш за 143 тысячы.

На еўрапейскім кантыненце таксама нельга казаць аб стабілізацыі сітуацыі. Калі ў Італіі ды Іспаніі, найбольш пацярпелых ад эпідэміі, цягам тыдня рэгіструюць прыблізна тую самую колькасць новых выпадкаў штодня, то ў Бельгіі, Нідэрландах, Даніі ці Польшчы колькасць дзённых новых выпадкаў усцяж павялічваецца. У сувязі з гэтым пра спыненне прэзідэнцкай кампаніі паведаміла кандыдатка ад галоўнае апазіцыйнае партыі Польшчы. А мэр 50-тысячнага польскага Цеханава паінфармаваў Цэнтральную выбарчую камісію аб немагчымасці арганізаваць працэдуру галасавання падчас выбараў прэзідэнта, запланаваных на 10 траўня.

«Я разумею, што такое рашэнне можа прывесці да спробы пазбавіць мяне крэсла мэра і замяніць мяне вызначаным праз урад камісарам. Але прыярытэтам для мяне застаецца здароўе і жыцці жыхароў. Пры росце з дня на дзень колькасці заражаных каронавірусам і з улікам зʼяўлення новых выпадкаў на нашай тэрыторыі не магу рызыкаваць бяспекай нашых жыхароў», – распавёў Кшыштаф Касіньскі, мэр Цеханава.

Ва Украіне сітуацыя з каронавірусам далёкая ад найгоршай – паўсотні выпадкаў. Але эканамічныя наступствы сусветнае эпідэміі могуць быць катастрафічнымі для афіцыйнага Кіева.

«Нашая краіна сапраўды апынулася на скрыжаванні з прычыны каронавіруса і мае два шляхі. Першы – ухваленне двух жыццёва важных законаў, пасля якіх мы атрымаем падтрымку ад нашых міжнародных фінансавых партнёраў не менш як на 10 мільярдаў долараў. Інакш – другі шлях, правал гэтых законаў. Пасля – эканамічны спад і нават пагроза дэфолту», – кажа прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Расея сёння ўначы закрыла ўсе межы для міжнароднага руху, выключэнне робяць для дыпламатаў, кіроўцаў грузавога транспарту ды жыхароў Калінінградскае вобласці, што едуць у Расею праз іншую краіну. Масква, дзе зафіксавана найбольш заражаных, перайшла на рэжым усеагульнае ізаляцыі. Пасля крытыкі ў інтэрнэце і першапачатковай адмовы закрываць цэрквы Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Кірыл усё ж папрасіў вернікаў маліцца ўдома ды не хадзіць у святыні.

«Царква заклікае сёння да таго, як будуць ахвяры ў нашых семʼях: прыняць на сябе абавязкі строга выконваць тыя загады, што прымаюцца санітарнымі ўладамі ў Расеі. Прыклад Марыі Егіпецкай сведчыць пра тое, што і без наведвання храмаў можна ўратавацца», – лічыць Патрыярх Кірыл, кіраўнік РПЦ.

З заклікам спыніць усе войны свету і абʼяднацца ў барацьбе з каронавірусам звярнуўся да ўсіх вернікаў і Папа Рымскі Францішак. Раней пантыфік маліўся аб спыненні пандэміі на пустым пляцы Пятра ў Ватыкане.

Ігар Кулей, «Белсат»

Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum