Каронавірус перамог паліклінікі


Ад панядзелку паліклінікі ў Менску не будуць прымаць планавых пацыентаў. Нават афіцыйная статыстыка, у якой раней знайшліся фальсіфікацыі, паказвае рэкордную колькасць новых інфікаванняў – амаль тысячу восемсот.

Пацыентам з хранічнымі хваробамі давядзецца пачакаць. З панядзелка планавая медычная дапамога ў сталічных паліклініках прыпыняецца. Прычынай гэткага рашэння сталася складаная сітуацыя з каронавірусам.

Жыхары Менску мяркуюць:

«Усё ж такі трэба аказваць дапамогу пацыентам. Бо ці мала што ў каго можа здарыцца. Напрыклад, у мяне абвастрэнне: я мушу пайсці да доктара. І што, я не траплю?»

«Усё спланавана дзяржавай. І вельмі добра спланавана. Наколькі я ведаю, можна замовіць лекі загадзя, прынясуць вам у кватэру. Працуюць службы. Таму няма чаго панікаваць».

«Я думаю, у любым выпадку павінны аказаць медычную дапамогу, калі чалавек звернецца. Наша дзяржава забяспечвае нам такую сацыяльную абарону».

Цяжарным скарачаюць колькасць візітаў да дактароў. Вузкіх спецыялістаў – эндакрынолагаў, неўролагаў ды іншых – пераводзяць дапамагаць хворым з тэмпературай і падазрэннем на COVID-19.

«Для Менску – з пункту гледжання пандэміі – гэта станоўчы момант. Паколькі будзе выяўляльнасць, больш адэкватнай дапамогі. Але з пункту гледжання іншых праблемаў, іншых захворванняў гэта адназначна мінус», – гаворыць рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Тым, хто мае хранічныя хваробы, медык раіць выконваць папярэднія рэкамендацыі, прымаць лекі і прытрымлівацца дыеты. Пры пільнай патрэбе можна выклікаць доктара на дом.З пачатку пандэміі колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі набліжаецца да 143 з паловаю тысячаў. За апошнія содні, паводле афіцыйнай статыстыкі, каронавірусам заразіліся 1774 асобы. Гэта новы рэкорд.

Пры гэтым медыкі ўпэўненыя: лічбы не адлюстроўваць рэальнай карціны. Бо беларуская медыцына працуе не на здароўе людзей, а на паказнікі.

«Лічбы нашмат большыя. Калі нават глядзець па прыватных клініках у Менску яшчэ да таго, як ім забаранілі браць тэсты на COVID-19. Яны паказвалі статыстыку толькі ў адной прыватнай клініцы па тысячы–паўтары за дзень. А тут яны даюць па рэспубліцы 1700. Гэта фантастычныя лічбы, такога быць не можа», – кажа Расціслаў Савіцкі.

Сітуацыя няпростая, але пад кантролем – як мантру паўтарае Аляксандр Лукашэнка. Сёння ў Віцебску ён наведаў радзільню з хворымі на ковід парадзіхамі. Лукашэнка ўхваліў рашэнне забіраць немаўлятаў у маці да іхнага выздараўлення. І крытычна выказаўся пра рэкамендацыю Сусветнай арганізацыі здароўя не рабіць гэтага.

«Жыць мы будзе і яшчэ вельмі доўга. Шчасця вам і поспехаў. Калі будуць нейкія пытанні – знойдзеце, як мяне знайсці», – сказаў парадзіхам Аляксандр Лукашэнка.

У Віцебскай абласной радзільні цяпер 45 жанчын з каронавіруснай інфекцыяй. Агулам жа ў краіне такіх пацыентак шэсць соцень.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!