Аб'ектыў 04.09.2018 Каноплі атакуюць Гомельшчыну – іх душаць трактарамі


Цэлыя джунглі з канопляў атакавалі Гомельшчыну. Пакутуюць перадусім мясцовасці Гомельскага і Веткаўскага раёнаў – Першамайск, Прысно, Бальшавік і Касцюкоўка. Дзе-нідзе – і па 10 гектараў зялёнай расліннасці. Трактары ледзь спраўляюцца з нагрузкаю і літаральна прасуюць палі з каноплямі.

Мікалай Грышчанка, уладальнік надзелу ў а/г Бальшавік:

«Гэта яны вось тут толькі прайшлі. А вось туды… Там гэтых канопляў мора! Я сам, калі яе касіў, дурэў ад яе!»

Менавіта праз наркатычны, ап’яняльны эфект расліну і забаранілі ў Беларусі. За яе пасеў або вырошчванне можна атрымаць да 20-ці базавых велічыняў штрафу (Br 490). А калі яшчэ забраць з сабою ды высушыць, то наагул можна трапіць пад крымінальную адказнасць. Гаворка пра сумнавядомы артыкул № 328.

Леанід Судаленка, юрыст, праваабаронца:

«А калі яшчэ чалавек ажыццяўляе збыт – вырасціў і гандлюе гэтым рэчывам – канечне ж, наступае крымінальная адказнасць».

Кастусь Жукоўскі, журналіст-фрылансэр:

«Я шмат куды звяртаўся, званіў, прыязджае тая ж міліцыя – дзяляначку скасілі, а рэшта засталася і расце – праз вуліцу, праз некалькі дамоў. Я лічу, што гэткім чынам міліцыя і сённяшнія ўлады папросту хочуць павялічыць паказнікі, яны чакаюць, пакуль нейкі падлетак не сарве гэтыя каноплі, не насушыць і не падзеліцца з сябрам. Яму дадуць шэсць гадоў, а сябру – тры».

Паводле слоў Кастуся Жукоўскага, каб не правакаваць людзей на злачынства, мясцовым уладам трэба або больш ахайна ставіцца да знішчэння плантацыяў канопляў, або ініцыяваць папраўкі ў заканадаўства. Кастусь Жукоўскі, журналіст-фрылансэр:

«Атрымліваецца, што калі я зараз вазьму гэты пучок травы ў машыну, мяне па дарозе спыняць і прыцягнуць паводле артыкулу 328».

Але небяспечная гэта расліна не столькі для падлеткаў-эксперыментатараў і гаманцоў тых, на чыю тэрыторыю яна паквапілася, колькі для іншых раслінаў. Калі канопляў зашмат, яны як пустазелле паволі пачынаюць душыць суседнія культуры – грэчку і сланечнік. Праблема сапраўды маштабная. І не толькі для Гомельшчыны. Эксперты адзначаюць, што на такія абʼёмы раслінаў беспасярэдне ўплывае высокая тэмпература.

Уладзімір Грышчанка, уладальнік надзелу ў а/г Бальшавік:

«Я іх ссякаў, але яны ўсё роўна пруць і пруць. Ад кораню».

Цікава, што ў Веткаўскім раёне міліцыя пачала барацьбу з каноплямі і пахвалілася вынікамі сваёй працы на сайце толькі пасля звароту журналістаў. Неўзабаве гэтую інфармацыю са старонкі прыбралі. Але праца трывае.

Дзмітрый Чан, участковы:

«У нас тут яшчэ куча працы, мы з 7:30 тут».

Расліна-самасейка, якая расла ў Беларусі спрадвеку, – пад забаронаю з 60-ых гадоў мінулага стагоддзя, калі ў СССР на канвеер у прамысловых маштабах паставілі алкаголь. Гэта сёння адное толькі згадванне канабісу асацыюецца з недзіцячымі турэмнымі тэрмінамі і марыхуанаю. Дасюль каноплі актыўна культываваліся ды выкарыстоўваліся ў побыце – асабліва добра з іх выходзілі канаты і вяроўкі, тканіна. Былі нават планы ў зборы ўраджаю ды ільготы для калгаснікаў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фотаздымак: REUTERS / Ahmed Salha / FORUM

Глядзі таксама
Каментары