Кандыдаты патрабуюць змены ўлады


Выбары па-беларуску: кандыдатка на прэзідэнцтва дзеля бяспекі сваіх дзяцей мусіла іх вывезці з Беларусі. Такое рашэнне Святлана Ціханоўская прыняла пасля атрыманых ёю пагрозаў. Тым часам пачалася актыўная фаза выбарчай кампаніі: выступленні кандыдатаў на тэлебачанні ды радыё і прэзентацыя праграмаў.

Галасаваць толькі ў асноўны дзень выбараў і масава запісвацца ў назіральнікі – заклікала Святлана Ціханоўская ў сваім першым радыёзвароце. Як прызнаецца кандыдатка, яна прэтэндуе на прэзідэнцтва, каб вызваліць арыштаванага за палітычную дзейнасць мужа Сяргея і «вярнуць беларусам права голасу».

«Няўжо дзейны прэзідэнт разлічвае, што, збіваючы людзей дубінкамі, кідаючы за краты, выпісваючы ім штрафы, можна прымусіць сябе любіць? Ён што, сапраўды думае, што гвалтам, нахрапам, хамствам і пастаяннай хлуснёю можна развязаць праблемы ў эканоміцы, да якіх ён сам жа і прывёў нашу краіну?» – запытала ў сваім радыёзвароце Святлана Ціханоўская.

Дапамагчы развязаць гэтыя праблемы Святлане Ціханоўскай маюць хаўруснікі. Арыштаваных уладамі актывістаў ейнага штабу замянілі сябры каманды Віктара Бабарыкі ды Валерыя Цапкалы, а таксама шэраг актывістаў з розных апазіцыйных партыяў.

«Мы ўсе адкрытыя. Хочаш – прыходзь і дапамагай, рабі частку агульнай працы са сваім досведам. Таму мы запрашаем усіх, хто хоча дапамагаць. Працы хапае!» – запэўнівае сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова.

Пасля перамогі Святлана Ціханоўская паабяцала правесці новыя, справядлівыя прэзідэнцкія выбары. Правесці паўторныя выбары паабяцаў і іншы апанент Лукашэнкі – Андрэй Дзмітрыеў.

«Замест развіцця і рэформаў мы атрымалі стагнацыю з вечнай паказухай, пошукам ворагаў сярод сваіх грамадзянаў і безадказную палітыку падчас каронавіруса, агромністым апаратам чыноўнікаў, які расце. […] У многіх гарадах адзіная магчымасць зарабіць на жыццё – гэта з‘ехаць за мяжу», – абурыўся ў радыёзвароце Андрэй Дзмітрыеў.

Абое апаненты Лукашэнкі агучвалі тыя ж праблемы і прапаноўвалі тыя ж развязанні.

«Канцэпты падобныя, але мне здаецца, што гэта адпавядае настрою людзей. Людзі сапраўды хочуць мяняць – неадкладна, проста цяпер – уладу», – мяркуе рэдактарка сайту «Наше мнение» Валерыя Касцюгова.

Ці атрымаецца гэта зрабіць аб’яднаным апанентам Лукашэнкі?

«Хутчэй за ўсё, Лукашэнка захавае сваю ўладу, прычым коштам брутальных рэпрэсіяў, грубай сілы. Але грамадства не будзе такім, як было раней. У масавай свядомасці адбыліся значныя змены», – перакананы палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Да жорсткага супрацьстаяння рыхтуецца і Святлана Ціханоўская. Сваіх дзяцей чатырох і дзесяці гадоў яна на перыяд выбараў вывезла ў адну з краінаў Еўразвязу.

Аляксандр Папко, «Белсат»