Кампенсацыя за брудную нафту ці запрашэнне да перамоваў па газе? «Гомельтранснафта Дружба» заявіла, што ад жніўня жадае павысіць аплаты за транзіт расейскай сыравіны. З якой мэтай Менск хоча павысіць тарыфы і колькі на гэтым можа зарабіць?
Плаціце за транзіт больш – патрабуе ў Масквы «Гомельтранснафта Дружба». Аператар беларускіх нафтаправодаў паінфармаваў расейскую кампанію «Транснефть», што з 1 жніўня жадае павысіць аплату амаль на 22 адсоткі.
«Плануецца падняць тарыф роўна настолькі, каб гэта кампенсавала страты ад дрэннай расейскай нафты. Менавіта такая мэта гэтага павышэння», – мяркуе Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».
Гаворка ідзе пра красавіцкую аварыю, калі «Транснефть» запампавала ў нафтаправод «Дружба» каля 2 мільёнаў тонаў забруджанай хлорам сыравіны. Патрабаванні Менску з гэтай аварыяй не звязаныя – пярэчыць расейскі энергетычны аналітык Сяргей Пікін (Фонд энергетычнага развіцця, Масква):
«Яны хочуць, каб газ быў таннейшы, а калі газ не таннейшы, то давайце кампенсаваць яго кошт праз рост тарыфаў на транзіт расейскай нафты. І кожны раз ідзе гандляванне».
Новую дамову аб коштах на газ Менск і Масква планавалі падпісаць да 1 ліпеня. Аднак перамовы дагэтуль працягваюцца. І становяцца ўсё больш заблытанымі. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:
«З ініцыятывы расейскага боку гэтыя пытанні былі звязаныя з тэмай шчыльнейшай інтэграцыі. Наўрад ці Беларусь пойдзе насустрач у гэтай інтэграцыі, таму тэма можа зацягнуцца».
256 мільёнаў долараў – столькі нашая краіна атрымала летась за транзіт расейскай нафты. Ад павышэння тарыфаў мы выйграем дадатковыя 56 мільёнаў. Гэта ў два разы менш за страты, якія паводле «Белнафтахіму» Беларусь панесла ў выніку забруджвання «Дружбы». Таму заява пра павышэнне тарыфаў можа мець не толькі эканамічныя мэты.
«Гэта нагадаць Расеі, што ў Беларусі таксама ёсць рычагі ўплыву, што вашыя нафта і газ ідуць праз беларускія трубаправоды», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.
За транзіт тоны нафты Расея плаціць нам у два разы менш, чым Украіне, і ў тры разы менш, чым Казахстану.
Ці згодзіцца «Транснефть» плаціць Беларусі больш – абмяркоўваць рана, перакананы расейскі аналітык Сяргей Пікін. Магчыма, патрабуючы павысіць тарыфы на транзіт нафты, Менск прымушае Маскву да саступак у іншых, больш важных перамовах аб газе.
Аляксандр Папко, belsat.eu