Кампенсацыя шкоды ад «Дружбы»


Менск падлічвае страты ад расейскай нафты, забруджанай хлорарганікай у дзясяткі разоў вышэй за норму. Толькі за красавік не атрыманая выгода ад продажу нафтапрадуктаў перавысіла 100 мільёнаў долараў. А яшчэ пашкоджанае дарагое абсталяванне ў Мазыры, карозія закранула агрэгаты самога трубаправоду «Дружба» і шмат чаго яшчэ. Расея прапаноўвае агулам 100 мільёнаў долараў кампенсацыі на ўсе пацярпелыя краіны.

Атруцілася труба, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, пацярпеў экспарт. Укід бруду ў «Дружбу» – можа гэтую дружбу і сапсаваць. Пачалося гандляванне вакол сумы кампенсацыі стратаў.

Аляксандр Новак, міністр энергетыкі Расеі:

«Гэта не мільярды долараў і нават не сотні мільёнаў долараў… Агульная сітуацыя запатрабуе кампенсацыяў на суму менш за 100 мільёнаў долараў. Гэта не Беларусі, а ў цэлым. Але больш канкрэтна будзем лічыць па факце».

На канчатковую ацэнку стратаў Беларусі пачакаем яшчэ некалькі тыдняў – папярэджваў кіраўнік краіны…

«Але сёння спецыялісты называюць вялізныя сумы – больш за 100 мільёнаў долараў. Дакладнай лічбы я назваць не магу, але вялізны ўрон нанесены толькі самому нафтапроваду, абсталяванню на нафтапровадах (гэта ж насосы і іншае на станцыях) і на НПЗ», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Масква, імаверна, кампенсуе толькі першую частку рахунку – за пашкоджанне трубы. За забруджванне двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў Расея можа зняць з сябе адказнасць.

«Перад тым, як вы запускаеце пэўны прадукт у нафтаперапрацоўчы комплекс, вы абавязаныя, згодна з тэхналогіяй, правесці яго экспертызу», – тлумачыць Алег Пендзін, эканамічны дыскусійны клуб, Украіна.

Паводле крыніцы парталу naviny.by экспертызу правялі і выявілі забруджванне, але не дачакаўшыся пацверджання «Транснафты», вырашылі перапрацоўваць сыравіну. Таму сотні мільёнаў долараў стратаў «Белнафтахіму» могуць застацца нашаю ўнутранаю праблемай. Гэта быў другі, але ёсць і трэці слупок выдаткаў пацярпелых бакоў:

«Нейкая нафта не была перапрацаваная, своечасова пастаўленая спажыўцам паводле кантрактаў, то бок імаверна давялося заплаціць няўстойку і выдаткаваць сродкі на забеспячэнне захоўвання сапсаванай нафты з наступнаю перапрацоўкаю», – тлумачыць Міхаіл Круціхін, кансалтынгавая кампанія «RUSENERGY», Масква.

Падлічыць страты ў стане толькі дзяржаўныя эксперты, але ў любым выпадку страты куды большыя за 100 мільёнаў долараў, на якія гатовы вінаваты бок. Амаль месяц таму забруджаная сыравіна Urals трапіла ў Беларусь, потым у Еўропу і Украіну, якая набывае пераважна наш бензін.

23 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў у Польшчу, краіны Балтыі і Украіну.

«Гэта прывяло да стварэння лакальных дэфіцытаў, якія адбіліся на росце коштаў, хоць ён і не быў надта вялікім», – кажа Алег Пендзін.

Ва Украіне і ў Еўропе найбольшыя страты датычаць пашкоджання самой трубы і будуць ацэненыя пасля яе канчатковага рамонту, што можа цягнуцца да 5 месяцаў. Пытаннем кампенсацыі зоймецца суд.

Прычыну забруджвання трубаправоду назвалі хутка:

«Наўмысна ажыццявілі зліў нафты, якая не прайшла гандлёвую падрыхтоўку. Я лічу, што гэта махлярская схема…» – гаворыць Мікалай Токараў, кіраўнік «Транснафты».

Незалежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што абвінавачаная ў падмене нафты ў трубе кампанія – замалая для такой акцыі.

«Паступалі вялікія партыі ад салідных кампаніяў не толькі з еўрапейскай часткі Расеі, але і з Заходняй Сібіры. Паколькі мы бачым вялікае ўтрыманне хлорарганічных злучэнняў, якое здаралася пры пастаўках адтуль», – гаворыць Міхаіл Круціхін з кансалтынгавай кампаніі «RUSENERGY», Масква.

Такія лагічныя заключэнні змушаюць замяшаныя ў брудны канфлікт бакі задумацца – навошта гэта трэба?

Юлія Цяльпук, belsat.eu