Камітэт дзяржкантролю паведамляе: галоўная праблема калгасаў – «занавожанасць»


15 крымінальных справаў, 200 штрафаў і 700 дысцыплінарных пакаранняў! Напрацягу двух месяцаў Камітэт дзяржкантролю «прачэсваў» сельскагаспадарчыя прадпрыемствы краіны. Выявіў каля 2 тысячаў фактаў безгаспадарчасці і назваў галоўную праблему на кароўніках – «занавожанасць».

Чаму гаспадаркі трымаюць жывёлу ў лайне і як гэта адбіваецца на экалогіі?

«Зірні на гэтую скаціну! Яна ж уся абасраная і ўжо на поўсці ўсё закарэла там», – чыхвосціў Аляксандр Лукашэнка кіраўніка малочнатаварнага комплексу «Сліжы». Рэха сакавіцкага разносу чуваць дагэтуль.

Замест Службы бяспекі за працу ўзяўся Камітэт дзяржкантролю. Так у Старым Сяле Веткаўскага раёну, як і ў большасці іншых гаспадарках краіны, праверкі адбываюцца перыядычна.

«Калі нехта прыязджае – намагаюцца рабіць паказуху: то пабеляць, то яшчэ што. Як толькі нікога няма – усё вяртаецца на старыя месцы», – кажа жыхар Старога Сяла.

Напрацягу двух месяцаў завялі 15 крымінальных справаў! 188 кіраўнікоў і спецыялістаў пакаралі штрафамі, а 83 чыноўнікаў і 605 арганізацыяў – дысцыплінарна.

Камітэт дзяржаўнага кантролю:

«Толькі ў сакавіку-красавіку 2019 года на сельгасаб’ектах выявілі 1841 факт безгаспадарчасці. Найбольш тыповыя з іх – занавожанасць ферм, адсутнасць парадку на тэрыторыях механізаваных двароў, ферм і збожжатакоў, размяшчэнне на іх бытавога і будаўнічага смецця, зарастання пустазеллем».

Аляксандр Лукашэнка праблему намацаў трапна, кажучы што ніхто ў кароўніках па-людску не прыбірае. Ажно 1300 з тых 1841 заўвагі – датычаць утрымання жывёлы без подсцілкавага матэрыялу, насуперак ветэрынарным і заатэхнічным патрабаванням.

Наталля Парэчына, Цэнтр экалагічных рашэнняў:

«Любы прадукт, які ўжываецца чалавекам ці перапрацоўваецца ў прыродзе, у залежнасці ад колькасці можа быць атрутаю ці лекам. Таму ў вялікай колькасці гэта страшэннае атрутнае рэчыва».

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, бясподсцілкавы гной утрымлівае больш за 100 узбуджальнікаў хваробаў, небяспечных для жывёлы і чалавека. Гной буйнарагатай жывёлы праз сезон ферментавання вывозяць на палеткі. Гной свінняў і птушак – надаецца на ўгнаенне толькі пасля перапрацоўкі.

«У кожнага прадпрыемства ёсць свае лагоны, але на жаль не заўжды хапае абʼёму гэтых лагон дзеля захоўвання ўсіх тых сцёкаў, якія ўтвараюцца штодзень на прадпрыемстве», – тлумачыць Наталля Парэчына.

Калі гнаясховішчы перапоўненыя, расце рызыка трапляння таксічных угнаенняў на палі, а таксама небяспека атручвання паверхневых і грунтавых вод. Чаму яшчэ ў гаспадарках дрэнна пахне? Леў Львоўскі, навуковы супрацоўнік цэнтру «BEROC»:

«Шматлікія з гэтых праблемаў узнікаюць праз простую чалавечую безгаспадарлівасць. Яна не злачынная, і хутчэй выцякае з умоваў працы ў нашым сельгассектары: недабор кадраў, некваліфікаваныя працаўнікі, малыя заробкі».

Да адказнасці ж ізноў прыцягнулі не простых працаўнікоў, а іхнае кіраўніцтва. Пры гэтым паведамілі, што 70 адсоткаў парушэнняў на прадпрыемствах ужо направілі. Што з рэштаю?

«Ліквідуе гэта толькі змена парадыгмы, змена сістэмы кіравання ў сельскай гаспадарцы, перавядзення яе на рынкавыя рэйкі», – дадае Леў Львоўскі.

У Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі да 2020 года няма курсу на рынкавыя рэформы. Затое ёсць планы значна павялічыць вытворчасць малака, яек і мяса. А значыць, і колькасць гною ў стойлах.

Юлія Цяльпук, belsat.eu