Калядкі для шматдзетных сем'яў і сіротаў у Купалавым доме


У святочныя дні шмат якія ініцыятывы далучаюцца да дабрачынных акцыяў, каб павіншаваць дзяцей са шматдзетных сем’яў і сіротаў. Не стаў выключэннем і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. На адную з такіх імпрэзаў завітала Марыя Арцыбашава.

Сёння мы наведалі Дзяржаўны музей Янкі Купалы, у якім праводзяцца Калядкі для дзяцей са шматдзетных семʼяў і сіротаў. Скажыце, чаму вы вырашылі сёння сюды прыехаць?

«Каб маё дзіця даведалася пра нашых беларускіх пісьменнікаў, якіх будзе пасля чытаць у дарослым узросце».

А чым цікавыя беларускія Каляды?

«Каляды цікавыя тым, што заўсёды кожныя дзеткі да нас прыходзяць і яны радуюцца, даведваюцца пра традыцыі, яны даведваюцца, як жылі нашыя продкі, асалоду гэтага моманту ўсведамляюць. Вось бачыце, для іх гэта сапраўднае свята», – кажа Інга Цераховіч, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музею Янкі Купалы.

А пра галоўную мэту Калядаў у Купалавым доме мы запытаем арганізатарку Вольгу Пархімовіч, загадчыцу аддзелу культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурны музею Янкі Купалы:

«Галоўная мэта нашага мерапрыемства – гэта захаваць і перадаць нашыя беларускія традыцыі пакаленню, што падрастае. Калядкі – гэта якраз такая добрая нагода. У гэтыя зімовыя дні мы запрашаем дзетак і на экскурсіі па музеі, і на музейна-педагагічную праграму «Калядкі ў Купалавым доме», падчас якой можна актыўна ўключыцца ў працэс калядавання з першых хвілінаў праграмы».

Хлопчыкі, што вам больш за ўсё тут спадабалася?

«Мне спадабаўся спектакль».

«Мне спадабаўся спектакль, як Баба-Яга танчыла».

«Самае цікавае – песні калядоўшчыкаў!»

«Вадзілі карагод і з дзяўчат, хлопчыкаў рабілі казу».

Кожнаму часам хочацца верыць у цуды, асабліва ў навагоднія святы. Гэтым дзецям такая надзея патрэбная больш за кагосьці. Няхай гэтая цеплыня застанецца з імі на ўвесь год.

Марыя Арцыбашава, belsat.eu