Каля 600 даследчыкаў Беларусі спаткаліся ў Вільні

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі распачаўся ў Вільні. Навуковым досведам і сваймі распрацоўкамі абменьваюцца прадстаўнікі даследніцкіх цэнтраў нашай краіны і замежжа. Усіх іх аб’ядноўвае адно – у цэнтры іх увагі Беларусь, нашая гісторыя, мова і культура.

Растуць кошты і сярэднегадавая тэмпература, змяняюцца топавыя прафесіі ды музычныя плыні, а моладзь усё больш цікавіцца моваю… Каб мы пра гэта ведалі, працуюць навукоўцы і даследніцкія цэнтры. Сёння ў Вільні прывіталіся каля 600 прадстаўнікоў 14 навуковых напрамкаў – гэта восьмы і найбуйнейшы Кангрэс у гісторыі.

«Ёсць месца, дзе ўсе беларусы збіраюцца, фактычна ўся беларуская эліта, ці прынамсі вялікая частка гэтай эліты, ды ўздымае сацыялагічныя, гуманітарныя, палітычныя тэмы», – кажа Русціс Камунтавічус, суарганізатар Кангрэсу.

Даследнікі сочаць за іміджам нацыі, жывучы ўнутры Беларусі і за яе межамі, і маюць тры дні на абмеркаванні і абмен досведам у пытаннях, якія цяпер найбольш цікавяць беларускае грамадства. Тэмы абіраюць самі.

«Ёсць заўжды больш актуальныя тэмы. Сёлета гэта юбілей Люблінскай уніі, гэта новыя палітычныя выклікі», – гаворыць Томаш Блашчак, суарганізатар Кангрэсу.

Наперадзе – шмат дыскусіяў, таму пра высновы даведаемся праз публікацыі ў медыях. Летась пасля Кангрэсу іх было каля 150-ці. Спатканне таксама спрыяе стварэнню новых супольнасцяў, якія займаюцца даследаваннем беларускай гісторыі, палітыкі, эканомікі.

Да прыкладу, старонка www.gudija.lt – адзіная ў Літве распавядае гістарычным суседзям пра Беларусь і яе адметнасці. Сувязі паміж краінамі – маюць узмацніцца…

«Я добра ведаю спадара Лінкявічуса, ён быў амбасадарам у Беларусі, я з ім сустракаўся, і бачна, што дыялог паміж Беларуссю і Літвой будзе павялічвацца», – распавядае Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны.

Бо агульнага шмат, і пераканацца можна зазірнуўшы ў мінуўшчыну. У межах праекту «Працоўная гісторыя» Кангрэс прымае выставу мапаў беларускай зямлі, ад 15-га да пачатку 19-га стагоддзя…

«Гэта мапы, у якіх прадстаўленае ВКЛ за часамі свайго існавання. Там можна пабачыць, калі зʼяўляюцца першыя гарады, іхныя назвы на мапах Еўрапейскіх аўтараў, як змяняюцца межы тэрыторыі», – тлумачыць куратар выставы Павел Баркоўскі.

Другую экспазіцыю выставіў Еўрапейскі Гуманітарны ўніверсітэт, прысвечаная яна стагоддзю з дня скону славутага дзеяча беларускай культуры Івана Луцкевіча.

«Стаяў ля вытокаў і беларускага школьніцтва, і беларускай нацыянальнай ідэі, і фактычна цяперашняй беларускай незалежнасці», – дадае Сяргей Харэўскі, выкладчык ЕГУ, Вільня.

Кульмінацыйнаю імпрэзаю Кангрэса стануцца прэміі – у сацыяльных, філасофскіх, гістарычных, студэнцкіх працах. Сярод партнёраў VIII Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі – наш тэлеканал.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Фота «Белсат»

Глядзі таксама