Калі краіны Еўразвязу адкрыюцца для беларусаў?


Пытанне надалей без адказу. Уезд беларусам забараніла Вугоршчына, а заўтра могуць перагледзець правілы выдачы для нас латвійскіх візаў. І хоць еўрапейцы да сябе не пускаюць, але дапамагаюць нам сродкамі аховы ад каронавіруса.

Маскі і рэспіратары, медычныя халаты і акуляры – амаль паўмільёна адзінак сродкаў індывідуальнай аховы перадалі медыкам Меншчыны прадстаўнікі Еўразвязу. Сёння дапамогу прымаў Менскі абласны супрацьтуберкулёзны дыспансер, перапрафіліяваны для лекавання хворых на Ковід-19.

«Нягледзячы на тое, што мы бачым значны спад інфекцыі, мы не можам прагназаваць, што будзе далей, заўтра ці праз месяц. Таму мы павінны быць гатовыя, што будзе новы наплыў інфекцыі, павінны быць гатовыя абараняць сваіх працаўнікоў», – кажа Мар’я Януковіч, намесніца галоўнага доктара ўстановы.

Сродкі засцярогі закупіла Сусветная арганізацыя здароўя на грошы, што вылучыла для дапамогі Беларусі Аб’яднаная Еўропа. Прадстаўнік Еўразвязу падкрэсліў, што Беларусь недастаткова ўвагі надае рэкамендацыям САЗ у змаганні з каронавірусам.

«На жаль, толькі малую частку гэтых рэкамендацыяў улады Беларусі выконваюць. Шкада, бо рэакцыя на крызіс магла б быць яшчэ лепшай, калі б былі канкрэтныя інструкцыі ўраду наконт крызісу», – лічыць амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.

Сусветная арганізацыя здароўя, аналізуючы сітуацыю ў Беларусі, кіруецца афіцыйнымі лічбамі, якія падае Міністэрства аховы здароўя.

«Мы бачым апошнім часам стабілізацыю і змяншэнне новых выпадкаў. Гэта абнадзейвае. Яшчэ адзін паказнік, на які мы звяртаем увагу, – загружанасць ложкавага і шпітальнага фонду. Мы не назіралі перагружанасці сістэмы да такой ступені, каб хтосьці аказаўся па-за стацыянарам тады, калі б ён гэтага патрабаваў», – тлумачыць прадстаўнік САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Паводле афіцыйных звестак, сітуацыя з КОвІдам-19 у Беларусі мае станоўчую дынаміку. Колькасць новых выпадкаў змяншаецца, цягам апошніх содняў іх зарэгістравалі 182. Але беларусы ў стабілізацыю сітуацыі не вераць.

«Не, яшчэ ўсе больніцы запоўненыя хворымі».

«Канечне, не скончылася, проста ўсё сціхла, і таму ўсе на лайце ходзяць, а так усё яшчэ існуе».

«Мы яшчэ не хварэлі, але родныя ўжо хварэлі».

«Не, вядома. І не толькі ў Берасці – ува ўсім свеце яна не скончылася», – кажуць жыхары Берасця.

Паводле САЗ, штодзённа каронавірусам у свеце заражаюцца больш за 66 тысячаў чалавек. Праз павелічэнне колькасці новых выпадкаў у шэрагу краінаў каранцінныя захады вяртаюць: у Балгарыі абмежавалі правядзенне масавых імпрэзаў, а ў Харватыі ды некаторых рэгіёнах Іспаніі зноў зрабілі абавязковым нашэнне масак у закрытых памяшканнях. У Казахстане абвесцілі дзень агульнанацыянальнай жалобы ў памяць пра ахвяраў каронавіруса. У Маскве ж каранцінныя захады, наадварот, часткова здымаюцца, а ў Маскоўскім дзяржаўным медычным універсітэце імя Сечанава абвесцілі, што вынайшлі вакцыну ад каронавіруса.

«Вакцына павінна выклікаць імунны адказ такі ж як выклікае новая каронавірусная інфекцыя. Пры гэтым вакцына каронавіруснай інфекцыі не ўтрымлівае, то бок у ёй няма самога вірусу», – распавядае дырэктар інстытуту трансляцыйнай медыцыны і біятэхналогіі Сечанаўскага ўніверсітэту Вадзім Тарасаў.

Нямецкія і брытанскія навукоўцы, якія даследуюць інфекцыю, прыйшлі да высновы, што імунітэт хутка зніжаецца, і ўжо праз тры месяцы пасля хваробы толькі кожны шосты можа напоўніцу супрацьстаяць каронавірусу.

Ірына Дарафейчук belsat.eu