Аб'ектыў 06.06.2019 Калгасам загадалі здаваць журналістаў у міліцыю


Тэлефануйце ў райвыканкам і выклікайце міліцыю, калі да вас прыехалі журналісты «Белсату». Такая інструкцыя для кіраўніцтва калгасаў Светлагорскага раёну стала вядомай грамадскасці дзякуючы аднаму з тэлеграм-каналаў. Ці законныя такія распараджэнні, ды чаму чыноўнікі Гомельшчыны гэтак не любяць незалежных журналістаў?

«Адразу тэлефанаваць у райвыканкам […]. У выпадку, калі журналіст робіць спробы правакацыі, агрэсіі (найчасцей так і адбываецца), дэманстратыўна выклікаеце супрацоўнікаў РАУС».

Гэтак паводзіць сябе з журналістамі нашага тэлеканалу, а таксама фрылансэрамі ды сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў загадвае дакумент, разасланы ў калгасы Светлагорскага раёну.

«Алгарытм дзеянняў падчас працы са СМІ» апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу». Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, парушэння Закону аб СМІ ў дакуменце няма, аднак ёсць парушэнне Канстытуцыі ды не толькі.

Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«Гэта парушэнне здаровага сэнсу. Таму што ёсць прафесійныя журналісты, якія кожны дзень выконваюць сваю працу. Гэта сусветная практыка. На жаль, Беларусь ад гэтай сусветнай практыкі ўвесь час намагаецца адасобіцца. Уводзіць нейкія акрэдытацыі, абмежаванні, пасведчанні, пячаткі».

Ідэолаг Светлагорскага раёну, да якой «алгарытм» загадвае звяртацца ў выпадку візіту журналістаў, сапраўднасць дакументу абвяргае. Ала Манькевіч, Светлагорскі гарвыканкам (тэлефон):

«Магчыма, нехта ад майго імя так дзейнічаў. Магчыма, гэта сфабрыкавана, гэта правакацыя. Я ж не ведаю, што гэта».

Магчыма, ведае іншая асоба, якую дакумент загадвае інфармаваць пра візіт «Белсату» – намеснік старшыні райвыканкаму Канстанцін Пятроўскі. Але ён на тэлефанаванні не адказаў.

Ці правільна забараняць даваць каментары «Белсату» ды выклікаць на журналістаў міліцыю, паслухаем адказы жыхароў Гомля:

«Не! Таму што крытыка спрыяе вырашэнню таго ці іншага пытання».

«Павінна быць свабода слова, дэмакратыя. Хаця б яе бачнасць!»

«Хто хоча, той дае каментары. Хто не хоча, той не дае. Вось і ўсё!»

«Ёсць фільм «Сабачае сэрца», дзе прафесар Праабражэнскі сказаў: «Людзі, якіх трэба лячыць, прымаюць законы». У мяне больш няма словаў!»

«Я не згодная. Напэўна, ёсць свае шкілеты ў шафе».

Шкілетаў у чыноўнікаў Гомельшчыны сапраўды нямала. Мы распавядалі і пра Светлагорскі цэлюлозны камбінат, які заліў невыносным смуродам наваколле. І пра жахі калгасаў – такіх, як «Зарэчча» Рагачоўскага раёну, дзе ад голаду памірае жывёла, – мы таксама апавядаем рэгулярна.

Замест падзякі за паказ праблемаў улады ўзнагароджваюць затрыманнямі ды штрафамі. За паўтара года журналісты, звязаныя з нашым тэлеканалам, сплацілі штрафаў амаль на 100 тысяч долараў. Працуеце без дазволу – заяўляюць чыноўнікі, хоць дакументы на акрэдытацыю наш канал падае і падае.

«Сёлетняя сітуацыя выглядае вельмі дзіўным чынам, паколькі тэрмін даўно мінуў, а нашыя журналісты не могуць дамагчыся ад МЗС адказу, атрымалі яны акрэдытацыю ці не», – кажа Ірына Слаўнікава, прадстаўніца «Белсату» у Беларусі.

Хаваць праблемы ад медыяў – справа безнадзейная, лічаць нашыя суразмоўцы. Нават калі журналістаў на месцы падзеі няма, праўду яны ўсё роўна даведаюцца. Ад сваіх гледачоў – праз «Тўітэр», «Фэйсбук» ці тэлеграм-канал.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары