Кадравы дзень выявіў кадравы голад у Беларусі


Амаль тры месяцы пуставала месца дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі. Масавыя пратэсты спрычыніліся да таго, што з гэтай пасады ў ганаровую ссылку адправілі спачатку Андрэя Раўкова, а пасля і Валерыя Вакульчыка.

І толькі сёння Лукашэнка прызначыў Аляксандра Рыгоравіча Вальфовіча, які дасюль узначальваў Генеральны штаб Узброеных сілаў. Лукашэнка адзначыў, што, цытата, «дзяржсакратар – гэта фактычна галоўны памочнік прэзідэнта ў працы з сілавымі структурамі».

«Мы павінныя навучыцца ў гэты складаны час супрацьстаяць і нашым унутраным, і асабліва вонкавым праціўнікам», – падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Вальфовіч, які нарадзіўся ў Расеі, скончыў Маскоўскае агульнавайсковае каманднае вучылішча ды Вайсковую акадэмію Генштабу Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі, лічыцца адным з самых яскравых прыхільнікаў «русского мира».

«Галоўнае для Лукашэнкі – не тое, што Вальфовіч прыхільна ставіцца да Расеі і «русского мира», хутчэй, ён прыхільна ставіцца да самога Лукашэнкі», – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Гэткі крытэр стаўся галоўным і ў прызначэнні Кірыла Казакова кіраўніком Сталічнага тэлебачання – аднаго з трох нацыянальных тэлеканалаў, які транслюе на ўсю краіну.

Новы кіраўнік паабяцаў чэсна асвятляць падзеі, але менчукі сумняюцца ў гэтым:

«Я не веру ні ў якія змены на СТВ, канал жудасны і людзей падманваюць».

«Яны жудасныя рэчы кажуць, тое, што БЧБ-сцяг – фашысцкі, гэта няправільна».

«Тое, што робіць тэлеканал СТВ, – гэта чыстай вады прапаганда».

«Вы разумееце, што там трэба рабіць», – звярнуўся Лукашэнка да Юрыя Шулейкі, новапрызначанага кіраўніка Берасцейскага аблвыканкаму.

Шулейка, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне, вучыўся ў Магілёве і Менску, працаваў у Горадні, апошнія тры гады быў памочнікам прэзідэнта на Гомельшчыне, раптам мае ўзначаліць найменш вядомую яму вобласць. Чым кіраваўся Лукашэнка, прызначаючы менавіта Шулейку?

«Ён вельмі моцна баіцца, што калі кадры будуць застойвацца ў адным месцы, збірацца, прызвычайвацца адно да аднаго, знаёміцца, сябраваць, то гэта для яго небяспечна. Таму ён робіць усё магчымае, каб ратацыя адбывалася так, каб не паспелі пасябраваць паміж сабою, згрупавацца, скласці нейкую змову», – распавёў нам Аляксандр Пласкавіцкі, былы начальнік галоўнага дзяржаўнага кіравання адміністрацыі прэзідэнта.

Прызначыў сёння Лукашэнка і новага гендырэктара «Горадня Азоту» – Ігара Ляшэнку. Папярэдні кіраўнік – Ігар Бабыр – запомніцца тым, што пасля страйку звольніў каля сарака чалавек, ад чаго незадаволенасць працаўнікоў толькі ўзрасла.

«Ляшэнка можа прыехаць на «Горадня Азот» і казаць працаўнікам: «Гэта новы віток жыцця «Азоту», усё, што было, было да мяне, я нічога не ведаю, зараз усё будзе добра. Ляшэнка ў Горадні дзеля таго, каб трымаць у яжовых рукавіцах працаўнікоў, якія не задаволеныя сітуацыяй і выказваліся», – кажа Юрый Рававы, кіраўнік стачкаму «Горадня Азот»

Гэтак робіць з апанентамі ўладаў – прадпрымальнікамі ды грамадскімі арганізацыямі – і Камітэт дзяржаўнага кантролю, за што Лукашэнка пахваліў Васілія Герасімава ды прызначыў яго старшынём КДК.

«Пры прызначэнні ўсіх сённяшніх кіраўнікоў Лукашэнка ставіў ім усім задачу: змаганне з пратэстамі, змаганне з палітычнымі апанентамі, падтрымка Лукашэнкі ў ягоным трыманні ўлады», – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

А гэта значыць, што ўся сістэма будзе працаваць выключна дзеля Лукашэнкі, а не дзеля дабрабыту звычайных беларусаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»