Кабякоў паабяцаў усяму свету, што беларуская эканоміка пойдзе ўгару

Навагоднія абяцанні

Стабілізацыйныя захады ўраду далі плён, і цяпер дарога для эканомікі – толькі ўгару. Налета валавы ўнутраны прадукты Беларусі мае вырасці на 1,7 %. Пра гэта прэмʼер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў у абнародаваным сёння інтэрвʼю агенцтву «Ройтэрз».

З аналагічнаю заяваю прэмʼер выступаў і напрыканцы мінулага года

Тады, як і цяпер, ягоныя прагнозы дыяметральна разыходзіліся з ацэнкамі міжнародных арганізацыяў. Гэтак, Міжнародны валютны фонд прагназуе Беларусі налета працяг падзення на палову адсотка, Сусветны банк – на адзін. Каму вераць беларусы – ураду ці міжнародным крэдыторам – мы спыталі менчукоў:

«Веру больш замежным аналітыкам, бо яны бачаць сітуацыю з боку».

«Больш – ураду. Тое, што кажуць яны – мала веру».

«Няма ніякіх перспектыў і ніякіх відавочных прычын, каб быў рост».

«Я ўжо нічому ня веру. Пагляджу на сваю пенсію і нічому ня веру».

– мяркуюць жыхары беларускай сталіцы.

Прафесар эканомікі Леанід Злотнікаў адзначае: галоўны чыннік, які цягнуў беларускую эканоміку на дно сёлета, налета толькі ўзмацніцца. І гэта – замежныя крэдыты, набраныя апошнімі гадамі.

«Мы патрапілі ў фінансавую піраміду. Мы павінны пазычыць, каб аддаць. Але пазычаюць нам вельмі скупа, а цяпер ня бачна дзе ўзяць», – тлумачыць эканаміст.

Прэмʼер Кабякоў заявіў сёлета, што, каб расплаціцца паводле крэдытнага рахунку налета, улады разлічваюць на крэдыт Міжнароднага валютнага фонду і на выпуск аблігацыяў на міжнародных фондавых рынках. Але праграма з фондам яшчэ ў стадыі абмеркавання. Працягнуць перамовы плануецца ў сярэдзіне наступнага года. А без яе, выпуск еўрабондаў абыдзецца задорага – выплата адсоткаў па іх цяжка ўдарыць па бюджэце праз год. Але нават у найлепшым выпадку, калі дэфолту ўдасца пазбегнуць, чыннікаў росту эканамісты не бачаць.

«Не застаецца на прырост інвестыцыяў нічога. І яны скарачаюцца сёлета і налета будуць скарачацца. Ну, а калі няма інвестыцыяў, то які прырост?», – падсумоўвае спадар Леанід.

На мінулым тыдні кіраўнік стабілізацыйнае праграмы для Беларусі ад Еўразійскага фонду стабілізацыі Алішэр Усманаў у інтэрвʼю агенцтву БелаПАН патлумачыў, што аддаваць пазыкі і забяспечыць рост эканомікі Беларусь можа толькі ў тым выпадку, калі пачне зачыняць тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія працуюць неэфектыўна. А іх у нашай краіне – больш за палову.

Гэта вызваліць столькі бюджэтных сродкаў, якія цяпер ідуць на субсідыі тым заводам, што хопіць не толькі на тое, каб змяншаць замежную запазычанасць, але і каб павялічыць дапамогу ў беспрацоўі да $ 180 за месяц. Паводле Алішэра Усманава, афіцыйны Менск не выканаў. Таму Еўразійскі фонд прыпыніў выдаваць траншы ўхваленага раней ратавальнага крэдыту.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Ройтэрз

Глядзі таксама