«Каб выбарнікі былі крыху разумнейшыя»: ў Адэсе стварылі Музей украінскіх выбараў


Стваральнікі музею збіралі экспанаты больш за 20 гадоў і цяпер хочуць навучыць выбарнікаў быць, як кажуць, больш пераборлівымі ў сваім палітычным выбары. Гісторыя подкупу, чорны піяр ды іншыя перадвыбарчыя тэхналогіі.

Украінскія палітычныя апаненты ўсіх колераў і калібраў на гэтых стэндах адно з адным ужываюцца спакойна. У Музеі выбараў, які адкрыўся ў Адэсе, можна пазнаёміцца з кожным з іх і даведацца пра розныя перадвыбарчыя тэхналогіі. Часцяком не самыя сумленныя.

«Гэта сапраўдны сэканд-хэнд, які раздаваў адзін з палітыкаў. Мы не будзем называць ягонага імя, але, на жаль, і гэтая тэхналогія выкарыстоўваецца», – распавядае экскурсавод Музею ўкраінскіх выбараў Валерый Болган.

Экспанаты збіралі больш за 20 гадоў. Са словаў стваральнікаў, музей змяшчае і розны піяр, і прыклады подкупу, спробы маніпуляцыі, якімі ўкраінскія палітыкі карысталіся ўвесь перыяд незалежнасці краіны.

«Для таго, каб выбарнікі былі крыху разумнейшыя і лепш захоўвалася гістарычная памяць, мы стварылі сапраўдны музей, у якім будуць асобныя выставы, асобныя экспазіцыі. Для таго, каб паказаць гэтае развіццё», – кажа Болган.

На асобным стэндзе размясцілі матэрыялы, звязаныя з расейскім пытаннем. На думку стваральнікаў Музею выбараў, калекцыя наглядна ілюструе неаднаразовыя спробы маніпуляваць свядомасцю ўкраінцаў, якія «вялікі расейскі брат» рабіў з моманту развалу Савецкага Саюзу.

«Доўгі час працягвала захоўвацца тэорыя агульнага інфармацыйнага поля Украіны і Расеі. І гэтае інфармацыйнае поле пачынае разрывацца толькі з 14-га года, нават яшчэ не разарвалася. Але тады гэта лічылася нармальным», – узгадвае Валерый Болган.

Класіка жанру – харчовыя наборы, якія раздаюць за пару тыдняў да кожнага галасавання. Гэтая тэхналогія, як і многія іншыя прыёмы, пераследуе Украіну ўжо шмат гадоў – кажуць работнікі музею.

«Мяняюцца нейкія магчымасці друкарскія, якасць друку. Але агулам падыходы застаюцца шмат у чым тымі ж самымі», – гаворыць Болган.

Стваральнікі перакананыя: пасля знаёмства з калекцыяй музею ўкраінцы пачнуць больш удумліва ставіцца да палітыкі ды асэнсавана галасаваць на выбарах. Чарговае волевыяўленне ў краіне адбудзецца ўжо 25 кастрычніка – украінцы будуць выбіраць дэпутатаў у мясцовыя саветы і мэраў гарадоў.

Усевалад Ананьеў, Анастасія Русецкая Belsat.eu