Каб стаяў у кожнай хаце... сейф з гатовым аўтаматам!


Беларусам варта рыхтавацца трымаць дома баявую зброю і вайсковую форму, каб бараніць свой спальны раён, свой квартал і двор. Гэтак галоўны ваенны камісар Менску апісаў будучыя задачы вайскоўцаў Тэрытарыяльнай абароны на выпадак вайсковага канфлікту. Што гэта за тэрытарыяльная абарона і ад каго будзем адстрэльвацца?

Хочаш трымаць дома зброю? Гэта цалкам магчыма – запісвайся ў паляўнічыя, збірай даведкі, купляй сейф, вучыся ўсім правілам і будзеш мець гладкаствольную стрэльбу, а праз год нават карабін. Але не варта выключаць, што беларусы змогуць трымаць дома аўтаматы. Не ўсе ахвотныя, а ўдзельнікі Войскаў тэрытарыяльнай абароны, паводле эстонскага і швейцарскага прыкладу.

«Мы калісьці прыйдзем да моманту, калі ў нас будзе захоўвацца зброя тэрытарыяльнай абароны ў кожнага ўдома. Будзе стаяць сейф, аўтамат, абмундзіраванне. Але мы мусім ідэалагічна да гэтага падысці», – заявіў вайсковы камісар Менску Юрый Пілішчык.

Пілішчык патлумачыў гэтую неабходнасць прыкладам грамадзянскай вайны ў Сірыі. Войска ТэрАбароны склікаецца толькі на час вайны або пагрозы з грамадзянаў, якія ўжо адслужылі. Гэта не ўдарная, а дапаможная сіла, але яна проста неабходная супраць гібрыдных выклікаў, нагадвае расследавальнік «Informnapalm.Org» Дзяніс Івашын. А гібрыдная пагроза ўпершыню прапісаная ў свежым плане абароны Беларусі.

«У пляне абароны ўлічаны досвед Украіны ў супрацьдзеянні расейскай агрэсіі падчас гібрыднай вайны, улічаная і сірыйская кампанія», – тлумачыць Івашын.

«Тэрытарыялы» абараняюць і ахоўваюць важныя аб’екты, дапамагаюць асноўным баявым часткам, бʼюць варожыя дыверсійныя групы, карыстаючыся сваймі ведамі мясцовасці. А ў выпадку акупацыі пераходзяць у партызаны. Гэта праява інстынкту самазахавання ўладаў, мяркуе Дзяніс Івашын, які з самага пачатку расследаваў дзеянні расейскіх гібрыдных войскаў у Крыме, Данецкай і Луганскай вобласцях.

«У Клінцах за 35 км ад беларускай мяжы, у Ельні за 100 км ад беларускай мяжы ствараюцца новыя фармаванні мота-стралковыя, у якіх ёсць і танкі, і БМП, і БТР, досыць значныя ўдарныя падраздзяленні», – пералічвае эксперт.

Украінскі досвед паказаў, што адной зброі недастаткова, мяркуе незалежны вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. Мусіць быць абаронная свядомасць у грамадзянаў.

«Калі свабодны швейцарскі грамадзянін мае ў сваім доме абмундзіраванне і зброю, ён ведае, што сапраўды будзе абараняць свой двор, ён ведае свой манеўр, ён рэгулярна вучыцца, прычым за свой рахунак, пастаянна дзяржаўныя органы сочаць і падтрымліваюць гэтую сістэму», – прыводзіць Алесін прыклад тэрытарыяльнай абароны.

Ідэю ваенкома трымаць дома збройны сейф падтрымліваюць не ўсе. Вось што кажуць «Белсату» жыхары і госці Менску:

«Я цалкам давяраю нашым узброеным сілам, таму не лічу неабходным трымаць дома зброю, можа, камісар так пажартаваў».

«Канешне, не! Навошта дома зброя?»

Але, калі заходзіць размова пра сапраўдны напад на Беларусь, ёсць грамадзяне, гатовыя пайсці і ў войска, і ў партызаны:

«Пайду за радзіму, за маць і за сваіх дзяцей. У мяне чацвёра дзяцей».

«Варта абараняць сваю дзяржавы, сваю радзіму».

«Калі сваю радзіму – так, канешне».

Як паведаміў вайсковы камісар Менску, у выпадках нападу ўсе падраздзяленні атрымаюць інструкцыі загадзя, каб кожны жылы дом мог рыхтавацца да кругавой абароны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»