Аб'ектыў 26.10.2018 ІТ-краіна святкуе 100-годдзе камсамолу


Як жа перад выходнымі не ўзгадаць пра доўгачаканы ў розных ячэйках, сходах дый пленумах юбілей – 100 год стварэння камсамолу беларуская дзяржава на поўным сур’ёзе будзе святкаваць у бліжэйшую нядзелю.

У самай савецкай краіне ды горадзе-крэпасці, горадзе-героі… Хтосьці, пачуўшы такое, мог бы і ў маўзалеі перавярнуцца. Кажуць жыхары Берасця:

«ВЛКСМ? Вялікі… ой, забыў».

«Усесаюзны? Карацей, я забыў».

«Нічога. Не».

І яшчэ больш «не!», калі пытаешся ў моладзі. І гэта пры татальным дзяржаўным падтрыманні ды раскрутцы. Дык каму патрэбнае гэтае свята? Мінак у Берасці:

«Я 11 гадоў быў інструктарам па камсамоле ў войску ў палітаддзеле. У якасці выхавання, канечне, шмат адыгрывала, а цяпер гэта ўсё пушчана на самацёк. БРСМ яшчэ ой як далёка да ВЛКСМ».

Такая пераемнасць дагэтуль шмат каму грэе душу. Лукашэнка за час свайго кіравання не прызнаваў іншай моладзевай палітыкі, акрамя як капіявання савецкай. Міністэрства адукацыі ўзначальвае камуніст Карпенка. Ён жа і ёсць галоўным адказным за арганізацыю святкаванняў. Адно з іх – вось такая выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Хто святкуе? Перадусім раённыя ідэолагі.

«Ідэі камсамолу мяне асабіста натхняюць добрым парывам… Ад слова «дабрадзей» – рабіць дабро. І жыццё кароткае, і таму трэба адкрыць далонь, каб туды штосьці пакласці, і атрымаць водгук», – дзеліцца Наталля Шыдлоўская, працаўніца ідэалогіі ў Смалявічскім раёне.

Яшчэ можна сустрэць настальгію тых, хто дагэтуль не толькі захаваў пасады пры райвыканкамах, але і тытулы камуністычных лідараў.

«Я ганаруся тым, што была камсамолкай. Я жадаю сённяшняй арганізацыі БРСМ поспехаў, перамогаў і шчасця ўсёй моладзі», – кажа Людміла Сахарава, першы сакратар камуністычнай партыі ў Жодзіне.

На ўсялякі выпадак нагадаем, што БРСМ – аналаг камсамолу ў нашай краіне. І наменклатура гэтай арганізацыі – яшчэ адна катэгорыя святкуючых.

Хоць фактычна ВЛКСМ пражыў нават менш за 70 гадоў. 29 кастрычніка 18-га года быў створаны Расейскі камуністычны саюз. А ўсесаюзнай арганізацыя стала толькі праз восем гадоў. Але і ў межах ВЛКСМ, асабліва нашыя папярэднікі не шчыравалі – сярод 16-ці герояў СССР, якія былі камсамольцамі, няма ніводнага беларуса.

Затое беларус Сяргей Вазняк у 91-м годзе быў адным з нешматлікіх, хто выступіў супраць самароспуску арганізацыі. І гледзячы на сённяшніх пераемнікаў аб сваёй пазіцыі не шкадуе. Сяргей Вазняк, адзін з тагачасных лідараў ВЛКСМ:

«Яны ўмудрыліся ўзяць з камсамолу ўсё, што было кепскае: бюракратызм, прымусовае сяброўства (яны ўсялякімі спосабамі матывуюць дзяцей, школьнікаў і ў першую чаргу студэнтаў), ну і тое, што БРСМ так і не змог узяць ад камсамолу, – гэта правядзенне сапраўды цікавых мерапрыемстваў».

Але колькасна – іх сотні ў краіне. І пэўна, у наступным, хоць і не юбілейным годзе, будзе яшчэ больш. На ўтрыманне структуры БРСМ запланавана выдаткаваць 3 мільёны 800 тысяч долараў. Што на 400 тысячаў больш, чым сёлета.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары