Аб'ектыў 11.01.2020 Іран прызнаўся ў збіцці самалёту. Але віну ўсклаў на ЗША


Пошукавыя працы на месцы падзення ўкраінскага «боінга» ў Тэгеране. 8 студзеня 2020 года. Фота – Rouzbeh Fouladi / Zuma Press / Forum

Іранскія ўлады яшчэ ўчора адмаўлялі, а сёння прызналі, што ўкраінскі самалёт пад Тэгеранам збіты ракетай. Камандзір аэракасмічных сілаў распавёў, што аператар прыняў няправільнае рашэнне.

Поўную адказнасць за катастрофу ўкраінскага самалёта ўзяў на сябе Корпус вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі. Аператар сістэмы супрацьпаветранай абароны прыняў няправільнае рашэнне, патлумачыў у прамове на дзяржаўным тэлебачанні камандзір аэракасмічных сілаў вайсковай часткі Амір Алі Хаджызадэ:

«Гэты чалавек ідэнтыфікаваў самалёт як крылатую ракету. Ён мусіў звязацца з камандаваннем і атрымаць ухвалу. Вось тут ён дапусціў памылку, але ў гэты момант ягоная сувязь з камандзірамі была парушаная. У яго была магчымасць прыняць рашэнне цягам пяці секундаў. На жаль, ён прыняў няправільнае рашэнне і запусціў ракету».

Спачуванне сем’ям загінулых выказаў аятала Алі Хамэнэі. Паводле «New York Times», менавіта вярхоўны лідар Ірану заклікаў афіцыйны Тэгеран прызнацца. Улады прызнаюцца, але віну за тое, што адбылося, ускладаюць на Злучаныя Штаты Амерыкі.

«У атмасферы пагрозаў і запалохвання з боку агрэсіўнага амерыканскага рэжыму іранскай нацыі пасля пакутніцкай смерці генерала Касэма Салеймані і дзеля абароны ад магчымых нападаў амерыканскай арміі Узброеныя сілы Ірану былі прыведзеныя ў стан поўнай баявой гатовасці, што, на жаль, мела вынікам гэтую жудасную катастрофу, якая забрала жыцці дзясяткаў невінаватых людзей», – адзначаецца ў заяве прэзідэнта Ісламскай рэспублікі Іран Хасана Рухані.

Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на прызнанні іранскага ўраду паведамленнем у «Фэйсбуку». Прэзідэнт Украіны адзначыў, што Іран прызнаў сваю віну яшчэ да таго, як скончыла працу міжнародная камісія і высунуў шэраг патрабаванняў да Ірану: поўнае прызнанне віны ў збіцці самалёту, гарантыі поўнага і адкрытага расследавання, пакаранне вінаватых, вяртанне целаў загінулых, выплата кампенсацыяў і афіцыйныя выбачэнні праз дыпламатычныя каналы.

Чорныя скрыні ўкраінскага «Боінга» расшыфруюць французы

Іранцы ў розных краінах ладзяць жалобныя акцыі, ушаноўваючы ахвяраў авіякатастрофы. Іранскія ўлады запатрабавалі паскорыць разбор справы. Бартавыя самапісцы збітага самалёта паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва ІРНА, збіраюцца перадаць Францыі, паколькі расшыфраваць іх у Іране не ўдалося.

Рэпартаж Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 студзеня

Глядзі таксама
Каментары