ІП з Пінску: «Прадпрымальнікаў караюць ні за што, фабрыкуюць справы і шантажуюць»


Некалі паспяховы ў Беларусі прадпрымальнік Віталь Радзько з Піншчыны вымушаны быў разам з сям’ёй пакінуць сваю родную краіну. Усяго за дзень да выезду за мяжу ён распавёў Белсату пра жахлівы пераслед, які зазнаваў з боку мясцовых чыноўнікаў цягам апошніх гадоў.

«З’язджаем з краіны з прычыны беззаконня, якое ўчыніла пінская пракуратура пад прыкрыццём загадаў зверху, з прычыны беззаконня, якое творыцца ў судах». – кажа спадар Віталь.

У пракуратуры справядлівасці не знайсці

Заснавальнік дзвюх фірмаў вырашыў наладзіць у Беларусі, між іншага, вытворчасць пластыкавых вокнаў. Сотні тысяч долараў бізнесовец інвеставаў у каштоўнае абсталяванне, а таксама старыя будынкі ды зямельны надзел у паселішчы Малоткавічы. Аднак, калі ўсе было гатовае для паспяховай працы, пачаліся сур’ёзныя праблемы.

«Калі мы купілі надзел, нам нават не далі на яго дакументы. А цягам некалькіх месяцаў гэты надзел прадалі іншаму чалавеку. Мы звярнуліся ў пракуратуру», – узгадвае прадпрымальнік.

Знайсці справядлівасці ў Пінскай пракуратуры не атрымалася.

«Там былі замяшаныя высокапастаўленыя людзі, з таго моманту пачалося цкаванне ў наш бок. Цкаванне было нязноснае ад суправаджэння працаўнікамі міліцыі да пагрозаў дзецям расправаю», – сведчыць Віталь Радзько.

Падобных гісторыяў шмат

З ад’ездам Віталя Радзько Беларусь не далічыцца некалькіх дзясяткаў працоўных месцаў ды буйных сумаў падаткаў. Гісторыя знішчанага бізнесу, на жаль, не першая і далёка не апошняя. Падобныя можна было пачуць, напрыклад, на Форуме прадпрымальнікаў, што прайшоў у Менску 5 снежня.

«Правяраючыя ходзяць увесь час, людзей караюць за нішто, фабрыкуюць справы, а людзі баяцца выступаць супраць улады. Я страціў усё! Я не баюся! А пужаць мяне тым, што ў дзяцей праблемы будуць – я дарослы чалавек», – тлумачыць Сяргей Шчасны, прадпрымальнік з Пінску.

А найбольш праблемаў ІП прынёс указ № 222, які канчаткова ўвайшоў у жыццё з 1 студзеня. Закон прадугледжвае абавязвавую наяўнасць суправаджальных дакументаў на тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краінаў Мытнага саюзу. Прадпрымальнікі кажуць, што атрымаць такія паперы проста немагчыма. Пад пагрозаю знікнення аказалася значная частка малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі.

А статыстыка гаворыць за сябе. Толькі сёлета сваю дзейнасць спынілі больш за трыццаць адна тысяча прадпрымальнікаў. Амаль на дваццаць адсоткаў скарацілася колькасць рэгістрацыяў ІП. Усцяж няўпэўненыя ў заўтрашнім дні тысячы бізнесоўцаў, якія на сваю рызыку вядуць дзейнасць без прадугледжаных указам дакументаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»