Інвестар акумулятарнага заводу ў Берасці – за кратамі


Інфармацыю «Белсату» з неафіцыйных крыніцаў пацвердзіла Генпракуратура. Пракуроры арыштавалі прынамсі 6 чалавек у межах праверкі сітуацыі, звязанай з акумулятарным заводам у Берасці. У следчым ізалятары знаходзіцца і інвестар заводу «АйПаўэр» Віктар Лемяшэўскі.

«Гэта абсалютна бяспечнае месца» – так бізнесовец Віктар Лемяшэўскі ў студзені 2018 года тлумачыў абураным берасцейцам, што завод свінцова-кіслотных акумулятараў «АйПаўэр» не далей кіламетра ад жылых дамоў – гэта бяспечна для здароўя і карысна для эканомікі гораду. А цяпер бізнесовец пад арыштам. Крымінальную справу супраць Лемяшэўскага распачаў КДБ з падачы адміністрацыі Лукашэнкі праверыць сітуацыю ў Берасці.

«У вытворчасць прынятыя крымінальныя справы, распачатыя КДБ паводле арт. 430 (Атрыманне хабару) і 431 (Даванне хабару) адносна Віктара Лемяшэўскага, кіраўніка ТАА «ПАК-кіраванне»; Святланы Лемяшэўскай, галоўнага бухгалтара ТАА «Белінвестгандаль-Сплаў»; Сяргея Ахрэмчука, раней дырэктара ТАА «Белінвестгандаль-Сплаў», цяпер начальніка аддзелу тэхнічнага развіцця гэтага ж таварыства; Івана Пакіслюка, намесніка дырэктара ТАА «Белінвестгандаль-Сплаў», – паведаміла Генеральная Пракуратура Беларусі.

У тым жа пакеце адноўленае следства паводле прыпыненых справаў адносна ІП-шнікаў Дзмітрыя Рудскога і Сяргея Жуковіча аб парушэнні экалагічнага і падатковага заканадаўства, яны таксама арыштаваныя.

Генпракуратура абяцае ацэнку дзеянняў чыноўнікаў і дзяржаўных органаў. Гэтая справа датычыцца свінцовага попелу з іншага заводу Лемяшэўскага: «Белінвестгандаль-Сплаў». «Белсат» раней паказваў, як у пасёлку Зялёны Бор Берасцейскай вобласці пад адкрытым небам ляжаць тоны выкідаў з Белазёрску. Гэта схема сыходу ад падаткаў і экалагічных мытаў, мяркуе берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

«Пад выглядам перапрацоўкі ў мінеральную дабаўку, свінцовая зала цудоўным чынам ператваралася ў мінеральную дабаўку для асфальту, па сутнасці ўтылізаваліся гэтыя адкіды ў абыход платы за перапрацоўку, вываз у іншае месца і захаванне», – патлумачыў Кісляк «Белсату».

Паўтара года таму Лемяшэўскі сцвярджаў, што будоўля заводу пад Берасцем ніяк не парушае закон. Але берасцейцы не паверылі. Ініцыятыўная група праціўнікаў заводу, якая ўключае адмыслоўцаў у будаўніцтве, экалогіі і праве, звяртае ўвагу, што будоўля пачалася да сапраўдных грамадскіх абмеркаванняў – а гэта парушэнне з эканоміяй на ўсім магчымым і з неадпаведнай праектнай дакументацыяй.

«У Свабоднай эканамічнай зоне такія прадпрыемствы будаваць нельга, гэта забаронена законам аб СЭЗ. Завод пабудаваны такім чынам, што ён не будзе выкідваць 3 кг свінцу, я мяркую, што гэта будзе ад 300 кг да тоны на год», – ацэньвае Раман Кісляк.

На «АйПаўэры» ужо адбыліся і пуск-наладка і выпуск пробных партыяў свінцовых акумулятараў, актывісты зафіксавалі выкід хімічных рэчываў у ліўневую каналізацыю і спецыфічны дым з трубаў. Пры гэтым мясцовыя ўлады і міліцыя ціснулі на праціўнікаў заводу арыштамі, правакацыямі і нават распачатай крымінальнай справай аб нібыта абароце боепрыпасаў.

«Берасцейцы накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта каля 40 тысячаў подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, і ніякай рэакцыі не было. І тады пачаліся пратэсты. Тое, што цяпер распачалі крымінальную справу супраць Лемяшэўскага і ягоных паплечнікаў – гэта вынік пратэсту», – распавядае берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін.

Праца заводу часова прыпыненая, але цяпер давер берасцейцаў да ўладаў падарваны, таму яны будуць працягваць штонядзелю збірацца на галоўнай плошчы карміць птушак, пакуль завод не зачыняць цалкам. Берасцейскі досвед негвалтоўнага супраціву пераймаюць і жыхары Светлагорску Гомельскай вобласці, дзе завод беленай цэлюлозы атручвае ім жыццё. І гэта не метафара.

«Людзі баяцца звальненняў без тлумачэння прычынаў, бо іх усіх запужваюць, кажуць: калі вы пойдзеце, будзеце нешта выказваць супраць заводу, то застаняцеся без працы».

«Смурод страшны стаіць, і немагчыма нікуды сысці».

«Выйшла з грудным дзіцём, 2 месяцы немаўляці – трапіла ў гэтую плынь. Не ведаю, як дзіцё адчула гэта, але я адразу адчула: мне стала пячы твар, вусны, горла».

«Гэтую трубу трэба дырэктару ў кабінет, не кандыцыянер яму ставіць, а трубу і хай дыхае», – распавялі «Белсату» жыхары Светлагорску, якія ў гэтую нядзелю выйшлі карміць птушак у знак пратэсту.

Акцыі пратэсту супраць заводу беленай цэлюлозы ў Светлагорску цягнуцца ўжо больш за паўгода. Раённыя і абласныя чыноўнікі не прымаюць кармленне птушак усур’ёз, як раней гэта рабілі берасцейскія чыноўнікі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu