Інтэрнэт-старонкі зачыняюць магчымасці каментавання


Адныя для каментатараў ствараюць клубы, іншыя ўвогуле зачыняюць каментары на сваіх старонках у інтэрнэце. Айчынныя сайты рэагуюць на папраўкі ў Закон аб СМІ, паводле якога ўводзяць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў у інтэрнэце праз СМС.

Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»:

«З 1 снежня мы былі вымушаныя адключыць каментары на сайце «Еўрарадыё», то бок проста прыбраць з сайту той модуль, праз які лагініліся і каментавалі артыкулы нашыя чытачы».

Аднак некаторыя медыі бачаць не толькі выклікі, але і магчымасці ў новым законе. Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар nn.by, кажа:

«Каб усё-такі заахвоціць сваіх чытачоў рэгістравацца і працягваць абмеркаванні, мы вырашылі стварыць клуб чытачоў. Гэта наш першы крок па ўвядзенні часткова платнага кантэнту на сайце. Гэта ў першую чаргу будзе так званы інтэлектуальны кантэнт».

А як самыя карыстальнікі сеціва глядзяць на новаўвядзенні? Жыхары Менску:

«Не, не рэгістравалася. І мне здаецца, што не варта гэтага ўводзіць».

«Я да гэтага стаўлюся не вельмі. І сам не карыстаюся».

«Я не хачу свайго тэлефону пакідаць. Я ўвогуле супраць гэтага. Кожны чалавек мае права на сваю асабістую прастору».

«Гэта нядрэнна. Я думаю, што гэта нядрэнна, калі кожны чалавек будзе пазнавальны».

«Я думаю, што мусіць быць свабода слова, хаця б у інтэрнэце, бо душаць і так!»

Падавалася б, ідэнтыфікацыя праз СМС не дае дзяржаве нейкіх прынцыпова новых магчымасцяў: раней улады неаднаразова знаходзілі патрэбных ім анлайн-каментатараў і прыцягвалі іх да адказнасці. Цяпер жа, калі каментароў у сеціве паменела, зменшыўся і інтарэс чытачоў.

«Трошкі прасела глыбіня, бо раней людзі заходзілі і пачытаць артыкул, і пачытаць каментары пад ім. Цяпер каментароў стала менш, і, адпаведна, стала няма што ў якасці бонусу атрымліваць», – распавядае Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар nn.by.

У той жа момант прадстаўнікі дзяржаўных медыяў адкрыта заявілі, што не збіраюцца ўводзіць ідэнтыфікацыі каментатараў. Гэтак, вы можаце пакідаць ананімныя каментары на старонках тых жа раёнак. Праўда, толькі станоўчыя.

«З беларускіх сайтаў каментатары, чытачы, прытым самыя так бы мовіць якасныя, самыя свядомыя, могуць сысці ці ў тэлеграм-суполкі, ці на расейскія і ўкраінскія сайты, дзе такіх нормаў няма. А вось тролі, у якіх каментаванне – гэта прафесія ці стыль жыцця, безумоўна патрацяць час, каб аднавіцца на форумах, і зоймуць усё месца, якое вызваліцца», – тлумачыць Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё».

На думку адмыслоўцаў, такое развіццё падзеяў можа прывесці і да пагаршэння якасці дыскусіяў. Улады ж усё роўна не здолеюць кантраляваць выказвання думак на замежных сайтах, у сацыяльных сетках ці мэсэнджарах.

У выніку – горш як звычайным карыстальнікам і актыўным каментатарам на сайтах, гэтак і беларускім медыям. Дый уладам не надта добра. І нашто такія крокі? А зрэшты, як той казаў, нічога новага.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu