Інсекты на талерцы: як у свеце і Беларусі вырошчваюць і ўжываюць лярвы


Еўрапейская агенцыя па бяспецы харчовых прадуктаў зацвердзіла рашэнне, паводле якога дазваляецца выкарыстоўваць лярвы мучнога хрушча ў ежу.

У многіх краінах Азіі, Афрыкі, Аўстраліі і Новай Зеландыі людзі ўжо частуюцца прысмакамі, прыгатаваных часткова або цалкам з насякомых. Смажаныя, сушаныя, зробленыя ў фрыцюры. Ужо існуе нямала рэцэптаў прыгатавання інсектаў. А цяпер у Еўропе першы від кузурак– лярва мучнога хрушчака – можа з’явіцца неўзабаве на паліцах крамаў.

«Ёсць два спосабы выкарыстання: першы – гэта проста сушаная лярва мучнога хрушчака. Другі спосаб – мука, зробленая з сушаных лярваў. Нашая арганізацыя прыйшла да высновы, што гэты від інсектаў бяспечна выкарыстоўваць у якасці ежы», – кажа Эрмалаас Вэрвэрыс з Еўрапейскай управы бяспекі харчоў.

У Беларусі лярвы мух і хрушчоў пачынаюць актыўна выкарыстоўваць у вытворчасці корму. Лярвы высушваюць і дадаюць у камбікорм для сельскагаспадарчай жывёлы. Сяргей Макараў нагадоўвае інсектаў ужо некалькі гадоў. Цяпер разводзіць лярву чорнай львінкі – мухі з Паўднёвай Амерыкі.

«Вот такая вось лярва, якая ў адрозненне ад лярвы мясной мухі есць не мяса, а менавіта любыя арганічныя адкіды: і адкіды гароднінных гаспадарак, і адкіды харчовых вытворчасцяў», – кажа прадпрымальнік Сяргей Макараў.

Лярвы цягам некалькіх дзён цямнеюць і праз некаторы час вылазяць з кокана. Іх змяшчаюць у сетку, там яны адкладваюць яйкі. З якіх вырастаюць новыя лярвы, частка якіх працягвае патомства, а частка высушваецца.

«Яна сапраўды вельмі смачная, ніколі не магу ўтрымацца, калі шчыра», – ест львінку Макараў.

Развядзенне львінкі – амаль безадкідная вытворчасць. Высушаныя лярвы дадаюцца ў камбікорм, а прадукты перапрацоўвання інсектамі выкарыстоўваецца для ўгнаення глебы. У коканах утрымліваецца шмат меланіну, таму і іх прадпрымальнік, магчыма, прыдумае, як выкарыстаць. Сяргей перакананы: кузуркі будуць усё больш уваходзіць у харчовую індустрыю.

«Развядзенне інсектаў – гэта, па-першае, экалагічна, па-другое, неяк гуманна, ці што, гэта ж інсекты, не жывёліны. І трэці, вельмі немалаважны фактар: у прамысловай сельскай гаспадарцы на сёння выкарыстоўваецца вялікая колькасць антыбіётыкаў», – кажа Сяргей.

Перспектыва выкарыстання інсектаў разнастайная. Да прыкладу, камбікорм з высушанай лярвай львінкі на 10 адсоткаў больш ашчадны. Бялок з кузурак выкарыстоўваецца ў вытворчасці кармоў для хатніх гадаванцаў. Карысна дадаваць і ў кармы для рыбаў, катоў і сабакаў. А пептыды з цэлага шэрагу відаў жукоў даўно ўжываюць у антыбактэрыяльных і супрацьзапаленчых сродках.

Наста Кахановіч, «Белсат»